Па Мазыры панесліся чуткі пра маньяка і серыйныя забойствы. А што напраўду?
У мясцовых чатах Мазыра пачалі распаўсюджваць паведамленні пра нібыта серыйнага забойцу і знойдзеныя целы жанчын. У Мазырскім раённым аддзеле міліцыі гэтую інфармацыю, аднак, рашуча зняпраўдзілі, заявіўшы, што ніякіх серыйных забойстваў у горадзе не было.
Скрыншот з відэа
У паведамленнях, якія распаўсюджваліся па чатах, сцвярджалася, што целы дзяўчат і жанчын нібыта знайшлі ў некалькіх месцах: каля закінутай бальніцы, побач са школай № 7 і ў лесапарку. Таксама пашыралі апісанне знешнасці меркаванага злачынцы.
Старшая інспектарка групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў Мазырскага РАУС Карына Карась назвала гэтыя паведамленні фэйкавымі. Паводле яе слоў, крымінальная абстаноўка ў горадзе застаецца спакойнай і кантраляванай, а ніякіх серыйных забойстваў у ім не было.
Міліцыя высвятляе, хто распаўсюджвае хлуслівую інфармацыю, і нагадвае, што за такія дзеянні прадугледжаная крымінальная адказнасць.
Падобныя чуткі раней распаўсюджваліся ў Мінску ў чэрвені 2025 года. Тады ў інтэрнэце пісалі пра маньяка, які нібыта дзейнічаў у сталіцы і ахвярамі якога сталі каля 20 дзяўчат. Мінская міліцыя таксама тады зняпраўдзіла гэтыя паведамленні.
Чытайце таксама:
У Расіі вызваліўся беларускі маньяк, якому прысудзілі больш за 20 гадоў за згвалтаванні