БЕЛ Ł РУС

УСУ зноў атакавалі Крымскі мост — абрынуліся аўтамабільны пралёт і арка

17.11.2026 / 08:50

Nashaniva.com

Аўтамабільны пралёт і арка Крымскага моста абрынуліся ў ваду пасля другой за суткі атакі, паведамляюць украінскія маніторынгавыя каналы і расійскія ваенныя блогеры. Яны публікуюць фота і відэа наступстваў удару. Расійскія ўлады пацвердзілі новую атаку і спыненне руху, але маштаб разбурэнняў пакуль не раскрылі.

У ноч на аўторак, 17 лістапада, каналы Exilenova+ і Supernova+ апублікавалі відэа ўдараў па мосце. Пад удар трапіла адна з арак моста.

Раніцай з’явіліся кадры наступстваў. «Там толькі адна арка стаіць, другой няма», — кажа аўтар відэа, апублікаванага Supernova+.

Пра абвал «аднаго пралёта і аркі аўтамабільнай часткі моста» напісаў і расійскі праваенны блогер Барыс Рожын.

У сеціве таксама з'явілася відэа, на якім, як сцвярджаецца, бачная крылатая ракета FP-5 «Фламінга» за секунду да ўдару. Пацвярджэння тыпу выкарыстанай зброі пакуль няма.

Прызначаны Расіяй кіраўнік анексаванага Крыма Сяргей Аксёнаў паведаміў пра паўторную атаку каля 1:35. Аўтамабільны рух па мосце спынілі яшчэ ў 23:54 папярэдняга дня. Жыхароў заклікалі ўстрымацца ад паездак у яго кірунку.

Папярэдні ўдар па мосце адбыўся раніцай 16 лістапада. Пасля яго з’явіліся здымкі пашкоджанага дарожнага палатна як мінімум у двух месцах і дэфармаванай аркі.

У Крамлі пасля першай атакі называлі пашкоджанні «нязначнымі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула