У Віцебску прадаюць папулярны рэстаран-клуб за 200 тысяч даляраў
У Віцебску выставілі на продаж папулярнае сярод жыхароў горада месца адпачынку — рэстаран-клуб «Танцы».
За ўвесь дзейны праект уласнік хоча атрымаць 600 060 рублёў (каля $200 тысяч у эквіваленце). Аб'ява з'явілася на спецыялізаванай пляцоўцы B4y.by, піша Office Life.
Установа размешчана на праспекце Будаўнікоў, побач з гандлёвым цэнтрам «Трыа». Агульная плошча аб'екта складае 845,5 квадратнага метра. Клуб працуе з 2018 года.
Бізнэс прадаецца ў фармаце «пад ключ». У кошт уваходзяць: дызайнерскі інтэр'ер з мяккімі канапавымі зонамі, цалкам абсталяваная кухня, барнае абсталяванне, караоке-сістэма, прафесійныя гукавое і светлавое абсталяванне, а таксама сістэмы кандыцыянавання і відэаназірання.
Разам з матэрыяльнымі актывамі новаму ўладальніку пяройдуць правы арэнды памяшкання, дзейныя ліцэнзіі і сфармаваная каманда супрацоўнікаў.
Прадавец адзначае, што аб'ект не мае запазычанасцяў і абцяжаранняў. Падрабязныя фінансавыя паказчыкі і пералік маёмасці, якая перадаецца новаму ўладальніку, уласнік гатовы раскрыць па запыце.