Вольга Гапеева атрымала нямецкую літаратурную прэмію імя братоў Грым
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася ўвечары 16 лістапада 2026 года ў нямецкім горадзе Ханаў, піша Радыё Свабода.
Беларуская пісьменніца Вольга Гапеева стала лаўрэаткай Прэміі братоў Грым горада Ханаў 2026 года (Brüder-Grimm-Preis der Stadt Hanau).
Прэмія прысуджана за кнігу эсэ на нямецкай мове Wörterbuch einer Nomadin («Слоўнік вандроўніцы»), у якой аўтарка даследуе ўзаемасувязі паміж мовай, домам, ідэнтычнасцю і пачуццём прыналежнасці.
Журы адзначыла, што з элементаў розных моў Вольга Гапеева стварае вобраз «дома мовы», які дапамагае захоўваць апору ў пастаянным руху і адарванасці ад радзімы. Прызавы фонд прэміі складае 10 000 еўра.
Цырымонія прайшла ўвечары 16 лістапада ў чытацкай кавярні Культурнага форуму Ханаў (Kulturforum Hanau), дзе ўзнагароду ўручыў обер-бургамістр горада Максіміліян Біры.
Кніга выйшла ў аўстрыйскім выдавецтве Literaturverlag Droschl у лютым 2026 года.
«Вольга Гапеева прадстаўляе «слоўнік» сваіх гадоў жыцця ў якасці вандроўніцы паміж Беларуссю, Германіяй, Крытам і Японіяй. Ён адначасова паэтычны, асабісты і палітычны.
Кніга Гапеевай — гэта паэтычны роздум пра мову, ідэнтычнасць і пачуццё прыналежнасці. Аўтарка даследуе тэмы дома і чужыны, гендару і патрыярхату, а таксама магчымасць быць «чалавекам» па-за межамі тых ярлыкоў, якія нам навязваюць», — піша пра кнігу выдавецтва.
Літаратурная прэмія братоў Грым горада Ханаў заснаваная на радзіме славутых казачнікаў Якаба і Вільгельма Грымаў. Яна ўручаецца раз на два ці тры гады за выдатныя празаічныя, паэтычныя або драматургічныя творы, напісаныя на нямецкай мове.
Для Вольгі Гапеевай гэта ўжо не першая буйная нямецкамоўная ўзнагарода: у 2022 годзе яна атрымала прэстыжную прэмію Wortmeldungen.