Самая танная кватэра — 222 тысячы рублёў. МАПІД прапанаваў кватэры ў «Сонечным» для ўсіх ахвотных
Лакацыя ўжо добра знаёмая мінчанам — квартал расце непадалёк ад «Экспабела», уздоўж вуліцы Шырокай.
Першапачаткова гэты праект задумваўся выключна для тых, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, але пазней канцэпцыю перагледзелі, дадаўшы ў забудову даволі шмат камерцыйнага жылля, піша Onliner.by.
Дом № 2.1, пра які пойдзе гаворка, цалкам будзе складацца з такіх кватэр.
Згодна з планам, гэта будзе кампактны шасціпавярховік з трыма секцыямі. Будаваць яго будуць паводле сучаснай тэхналогіі: дом узвядуць са зборнага жалезабетону, але панэлі будуць злучацца балтавымі злучэннямі без зваркі, а звонку будынак аздобяць вентыляваным фасадам з керамаграніту. Унутры прадугледжаныя ліфты, зашклёныя лоджыі і сістэма электраацяплення.
Усяго ў доме прадугледжана 74 кватэры. Прэтэндаваць на іх можа кожны ахвотны.
На выбар прапануюць:
— 30 аднапакаёвых кватэр (ад 39,94 да 50,26 «квадратаў»);
— 28 двухпакаёвых (ад 59,15 да 68,63 «квадратаў»);
— 15 трохпакаёвых (ад 75,95 да 86,61 «квадрата»);
— адну прасторную чатырохпакаёвую кватэру на першым паверсе плошчай 97,23 квадратнага метра.
Кошт квадратнага метра вар'іруецца ад 4600 да 5400 рублёў. Найбольш даступны «квадрат» традыцыйна ў шматпакаёвых кватэрах, а даражэй за ўсё абыдуцца кампактныя аднапакаёўкі. Самая танная кватэра ў комплексе будзе каштаваць 222 388 рублёў, або $74 129 паводле курсу.
Умовы аплаты наступныя: першапачатковы ўнёсак складае 30% ад кошту кватэры (яго неабходна ўнесці цягам 10 банкаўскіх дзён пасля падпісання дамовы), а астатняя сума выплачваецца штомесяц роўнымі часткамі паводле графіка.
Будаўніцтва пачалося ў верасні гэтага года, а здаць дом у эксплуатацыю плануюць 27 мая 2028 года.
Прыём заяў стартуе 24 лістапада а 09:00 і будзе праходзіць у парадку жывой чаргі ў аддзеле рэалізацыі нерухомасці МАПІДа (пр-т Жукава, 6, кабінет № 1). Дакументы будуць прымаць да таго часу, пакуль не набярэцца неабходная колькасць ахвотных.