БЕЛ Ł РУС

Колькі зарабляюць кур'еры на аўто ў дастаўцы «Яндэкс» у Беларусі

20.11.2026 / 09:00

Nashaniva.com

У вакансіях абяцаюць заробак аж да 6000 рублёў у месяц. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Колькі абяцаюць?

Разбежка заробкаў у аб'явах працы на «Яндэкс Дастаўку» наступная.

Заробак ад 3000 да 6000 рублёў абяцае аўтапарк, які падключае кур'ераў адразу да двух сэрвісаў — «Яндэкс Ежа» і «Яндэкс Дастаўка». У іншых называюць лічбы да 4500—5000 рублёў.

На сайце «Яндэкс Дастаўкі» сам сэрвіс абяцае заробак да 2900 рублёў, а на «Яндэкс Ежы» — да 5750 рублёў да выплаты падаткаў.

Скрыншот: eda.yandex.by

Беларуска пацікавілася ў трэдсах, ці сапраўды рэальна зарабляць абяцаныя 4000 рублёў у месяц. На запыт адгукнулася шмат людзей, якія працавалі або цяпер працуюць дастаўшчыкамі ў «Яндэксе».

Многія сыходзяцца ў меркаванні, што калі працаваць па 10‑12 гадзін без выходных, то зарабіць 4000 рублёў, можа, і атрымаецца.

На сайце «Яндэкса» напісана, што абазначаны максімум 5750 рублёў бруднымі — гэта максімальны заробак пры ўмове працы па дзесяць гадзін у дзень цягам 25 дзён у месяц.

Скрыншот: eda.yandex.by

Колькі можна зарабіць рэальна?

Але ж лічбы бруднымі мала каго цікавяць, таму ўсе абмяркоўваюць менавіта чысты заробак. Прычым трэба ўлічваць не толькі падаткі і паліва, але і амартызацыю.

«Зарабіць 4000 можна, але трэба шмат працаваць. У сярэднім, калі машына не дастаўляе праблем і спажывае мала паліва, тысячы тры лёгка можна мець», — падзяліўся адзін з каментатараў.

«Чатыры тысячы — не, але 3500 дакладна можна», — дзеліцца іншы пра заробкі паўтара года назад.

«За 12 гадзін — каля 250 рублёў»

Адзін з кур'ераў адпісаў, што ў сярэднім у дзень выходзіць па 20 рублёў за гадзіну працы.

«За 12 гадзін — каля 250 рублёў, за мінусам падаткаў і паліва застаецца 175 рублёў», — падзяліўся мужчына разлікамі без уліку амартызацыі і дадаў, што калі ў машыне нешта сур'ёзнае зламаецца, то можна лічыць, што месяц працаваў бясплатна.

Згодна са скрыншотамі з дадатку, якія апублікаваў сталічны кур'ер, у лепшыя дні кастрычніка ён меў 290—338 рублёў бруднымі, калі працаваў па 12 гадзін.

У сярэднім, па ягоных падліках, за гадзіну працы па Мінску выходзіць 25 рублёў бруднымі. Але гэта пры ўмове, што дастаўка — асноўная праца і дзейнічаюць дадатковыя бонусы за выкананне пэўнай колькасці замоў.

Скрыншотам падзяліўся і кур'ер з Брэста, які за 2,5 гадзіны выканаў пяць замоў на суму 95 рублёў.

Скрыншот з трэдсаў

Мужчына кажа, што гэта для яго падпрацоўка, таму ездзіць ён выключна ў часы, калі павышаныя каэфіцыенты, праз што пагадзінны заробак у ягоным выпадку нашмат вышэйшы за той, які быў бы, працуй ён на поўную стаўку.

Многае залежыць ад выдаткаў на амартызацыю

Блогер, які дзеліцца вынікамі працы ў дастаўцы, апублікаваў наступныя лічбы:

— 213 рублёў бруднымі;

— 171 рубель застаўся пасля камісіі «Яндэкса» і аўтапарка.

Пасля выдаткаў на падатак і паліва ў яго засталося 129 рублёў, з якіх 29 рублёў ён адлічыў на амартызацыю, і ў выніку зарабіў за дзевяць гадзін працы 100 рублёў чыстымі. Прабег за гэты час склаў 170 кіламетраў.

Машына мусіць быць на метане і не ламацца

Суразмоўца, які пару гадоў таму працаваў у «Яндэкс Ежа» на ўласным аўто ў абласным цэнтры, падзяліўся сваімі назіраннямі.

На ягоную думку, асноўны момант, які не ўлічваюць людзі, калі ідуць у кур'еры, — гэта знос аўто. 

Каб зарабіць як мага больш грошай, мужчына працаваў па 10—12 гадзін амаль без выходных. Праз год працы, падлічыўшы ўсе выдаткі на рамонт і абслугоўванне аўто, ён прыйшоў да сумнай высновы, што рэальны чысты месячны заробак атрымаўся каля $650, хоць у моманце здавалася, што зарабляеш амаль $1000.

Рэч у тым, што праз інтэнсіўную гарадскую эксплуатацыю і вялікія штомесячныя прабегі машына пачынае часцей патрабаваць абслугоўвання і рамонту, што моцна скарачае меркаваны заробак. Таксама мужчына адзначыў, што, на ягоную думку, адзіны варыянт больш-менш нармальна зарабляць у дастаўцы — гэта мець аўто на метане, бо нават адносна эканамічны дызель, як было ў ягоным выпадку, робіць працу кур'ерам не надта прыбытковай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула