У МУС расказалі, колькі працоўных мігрантаў прыехала ў Беларусь і колькі злачынстваў яны здзейснілі
Праз недахоп работнікаў улады спрасцілі прыцягненне замежнікаў. Цяпер яны едуць у Беларусь са ста краін. Найчасцей — з Туркменістана, Узбекістана, Расіі, Украіны, Індыі і Непала.
Фота: lookby.media
За студзень—верасень 2026 года ў Беларусь прыехалі больш за 40 тысяч працоўных мігрантаў. Такую лічбу 17 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў назваў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назарэнка, паведамляе Sputnik.
Для параўнання ён прывёў звесткі за ўвесь 2023 год: тады працаваць у Беларусь прыехалі каля 13,5 тысячы замежнікаў.
Замежнікі пераважна працуюць у будаўніцтве, прамысловасці, сельскай гаспадарцы і гандлі. Некаторыя займаюць кіраўнічыя пасады ў беларускіх кампаніях.
Назарэнка асобна заявіў, што працоўныя мігранты рэдка здзяйсняюць злачынствы. Паводле яго, за дзевяць месяцаў на іх прыпалі 63 злачынствы. Усе замежнікі за гэты час здзейснілі ў Беларусі 754 злачынствы.
Паводле Назарэнкі, праз дэфіцыт кадраў заканадаўства аб працоўнай міграцыі ў апошнія гады зрабілі больш ліберальным.
Цяпер правілы для працоўных мігрантаў зноў хочуць змяніць. Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні папраўкі да закона аб знешняй працоўнай міграцыі. Сярод іх — забарона наймальнікам накіроўваць запрошаных работнікаў да трэцяга боку. Самім мігрантам таксама хочуць забараніць працу ў трэціх асоб.