БЕЛ Ł РУС

«Тры шэрагі зніклі за долю секунды». Беларусы зноў не могуць патрапіць на навагоднія шоу ў цырку

17.11.2026 / 13:58

Nashaniva.com

Мінчукі зноў сутыкнуліся з праблемамі пры куплі квіткоў на навагоднія прадстаўленні ў Белдзяржцырку. Продаж адкрылі 16 лістапада, аднак ужо праз некалькі хвілін гледачы пачалі скардзіцца, што на большую частку першых шоу месцаў не засталося.

На больш познія даты можна было знайсці хіба што асобныя месцы ў розных канцах залы або дарагія квіткі ў VIP-ложы. Праз пару гадзін цырк дадаў два дадатковыя паказы, але і на іх свабодных месцаў ужо амаль не засталося, піша Onliner.by.

76 паказаў, а квіткоў амаль няма

Сёлета ў Белдзяржцырку падрыхтавалі праграму «Навагодняя акваторыя». Яна будзе ісці штодня з 12 снежня па 17 студзеня. Усяго ў афішы зараз 76 паказаў, прычым у некаторыя дні запланавана адразу па тры шоу. Цэны стартуюць ад 25 рублёў.

Анлайн-продажы квіткоў адкрыліся ўдзень 16 лістапада. Але, мяркуючы па паведамленнях гледачоў у сацыяльных сетках і зваротах у рэдакцыю Onliner, набыць месцы на зручную дату і для ўсёй сям'і аказалася няпроста. Ужо праз лічаныя хвіліны пасля пачатку продажаў на значную частку першых паказаў квіткоў не было зусім. Вось што пішуць людзі ў каментарах пад афішай у Instagram цырка:

Журналісты некалькі разоў цягам некалькіх гадзін заходзілі ў карткі розных паказаў і правяралі наяўнасць месцаў. На больш позніх датах яшчэ сустракаліся каляровыя кружочкі, але часцей за ўсё гэта былі адзіночныя крэслы, раскіданыя па розных канцах залы.

Дарагія ложы ўвесь гэты час заставаліся ў продажы: свабодныя месцы там можна знайсці і цяпер нават для цэлай сям'і. Мяркуючы па ўсім, такі варыянт гледачы разбіраюць неахвотна. У каментарах людзі справядліва адзначаюць, што паход на навагодні паказ усёй сям'ёй за 300—500 рублёў — занадта дарагое задавальненне.

Сустракаецца сярод гнеўных паведамленняў і хвальба: нехта ўсё ж паспеў урваць недарагія квіткі на некалькіх чалавек у адным шэрагу. На просьбу падзяліцца лайфхакам шчасліўчыкі ў асноўным спасылаюцца альбо на банальную ўдачу, альбо на горкі досвед мінулых гадоў, які навучыў маніторыць квіткі ледзьве не кругласуткава, а затым рэагаваць за долі секунды.

Дадалі яшчэ два паказы. Але квіткі скончыліся і там

Праз некалькі гадзін пасля з'яўлення афішы і шматлікіх скаргаў Белдзяржцырк абвясціў пра два дадатковыя паказы — 12 і 19 снежня.

Спачатку на абодва шоу былі даступныя месцы практычна ва ўсіх сектарах. У сацыяльных сетках нават пачалі з'яўляцца скрыншоты з заклікамі не ўпусціць магчымасць набыць квіткі.

Аднак праз некалькі гадзін пад гэтымі публікацыямі зноў сталі з'яўляцца паведамленні пра тое, што месцаў больш няма.

Журналісты праверылі сітуацыю на сайце: на дадатковых паказах амаль цалкам занятыя нават VIP-ложы, а ў звычайных сектарах заставаліся толькі адзінкавыя свабодныя крэслы, куды адправіць можна хіба што падлетка-сацыяфоба.

Скрыншот месцаў на другі дадатковы паказ нам давялося рабіць двойчы: пакуль мы захоўвалі выяву першы раз, апошняе месца ў зале, якое заставалася, таксама нехта купіў

«Усе квіткі выкупілі прафсаюзы. А што рабіць нам, звычайным людзям?»

У каментарах да публікацый Белдзяржцырка людзі мяркуюць, што значную частку квіткоў загадзя размеркавалі паміж прафсаюзнымі арганізацыямі.

Адна з карыстальніц расказала, што яе муж прыязджаў у касу цырка і спрабаваў набыць квіткі там. Паводле яе слоў, яму адказалі, што продажы вядуцца толькі анлайн, а большую частку месцаў нібыта выкупілі яшчэ паўгода таму.

— Усё!!! Накіпела, набалела!!! Кожны год адно і тое ж: хай жывуць «галодныя гульні». Я, вядома, разумею, што працадаўцы закупляюць вялізную колькасць для дзяцей супрацоўнікаў, але, можа, будзем усталёўваць максімальную колькасць квіткоў на продаж ім? Мы таксама хочам наведаць цырк, на працы асабіста ў мяне ніякіх квіткоў не даюць.

— Другі год не можам дзіця звазіць на навагодні паказ у цырк. Толькі выставілі афішу, а квіткоў няма, дык, пытаецца, навошта вы выстаўляеце? Пішыце адразу: квіткоў няма і ўсё, а то ладзіце ажыятаж і людзей толькі нервуеце. Я тэлефанавала ў касы, мне сказалі, што прафсаюзы яшчэ ў студзені заяўкі пакідаюць. Дык а што рабіць нам, звычайным людзям, як дзяцей у цырк звазіць?

Пра праблему з купляй квіткоў на навагоднія паказы Белдзяржцырка Onliner пісаў і ў лістападзе 2025 года. Тады сітуацыя была аналагічная: чытачы таксама расказвалі, што не маглі знайсці месцы нават праз дзень пасля пачатку продажаў; на сайце білетнага аператара заставаліся асобныя крэслы і дарагія месцы ў ложах.

У адказ на высокі попыт летась таксама дадалі два дадатковыя паказы. На кожны з іх было даступна па 1580 квіткоў, якія, як паведамілі ў цырку, прадалі за дзве гадзіны. Пры гэтым прызначэнне яшчэ большай колькасці шоу назвалі тэхнічна немагчымым.

У Белдзяржцырку таксама адзначалі, што скаргі на недахоп квіткоў паступаюць штогод, а раней набытыя месцы часам вяртаюцца ў продаж. Таму гледачам раілі перыядычна правяраць сайт білетнага аператара.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула