БЕЛ Ł РУС

У Мінску запусцяць паліцэйскія дроны з Дубая, якія самі, без аператараў, вылятаюць з боксаў ВІДЭА

17.11.2026 / 14:06

Nashaniva.com

Беспілотнікі прыбываюць на месца раней за патруль і перадаюць відэа ў рэальным часе. Сярод магчымасцяў новай сістэмы МУС называе і «папярэджанне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў».

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў вырашыў запусціць у Мінску тэставую эксплуатацыю сістэмы Drone Box, паведаміла МУС.

Распрацоўку з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў яму паказалі на выставе падчас V Сусветнага паліцэйскага саміту.

Drone Box — гэта сістэма беспілотнікаў, якія размяшчаюцца ў стацыянарных боксах у розных частках горада. Такую тэхналогію выкарыстоўвае паліцыя Дубая з 2021 года.

Паліцэйскі цэнтр у Дубаі

Паводле апісання МУС, дрон можа без удзелу чалавека вылецець з бокса да месца здарэння і апынуцца там за лічаныя хвіліны, яшчэ да прыезду наземнага патруля. Відэа з яго камеры перадаецца ў рэальным часе, каб паліцыя магла ацаніць сітуацыю.

Галоўная перавага Drone Box — дрону не патрэбны экіпаж на месцы. Беспілотнік чакае ў стацыянарным боксе, сам узлятае, перадае відэа ў паліцэйскі цэнтр, а пасля прызямляецца і аднаўляе зарад. 

То-бок, дрон ужо знаходзіцца ў патрэбным раёне. Ён вылятае са стацыянарнага бокса, а назіраць за палётам можна з аддаленага цэнтра.

Гэта азначае магчымасць хутка атрымаць агляд з паветра, не адпраўляючы туды міліцыянтаў. Назіраць за тым, дзе збіраюцца людзі і куды рухаюцца, можна з аддаленага цэнтра.

Калі патрэбны ўчастак не трапляе ў поле зроку стацыянарных камер, туды можна аўтаматычна адправіць беспілотнік.

У МУС пералічылі некалькі магчымых спосабаў выкарыстання сістэмы: бяспека на вуліцах і дарогах, пошук і затрыманне злачынцаў, а таксама «папярэджанне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў».

Калі пачнуцца выпрабаванні і дзе ў Мінску ўсталююць першыя боксы, у паведамленні не ўдакладняецца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула