«Кісларод нам вярнулі, але мы не можам удыхнуць на поўныя грудзі». Польскі бізнэс ацаніў год пасля адкрыцця двух пераходаў на мяжы з Беларуссю
За год пасля адкрыцця памежных пераходаў «Кузніца» і «Баброўнікі» выручка польскіх прадпрымальнікаў ад шопінг-турызму з боку Беларусі вырасла толькі на 10%. Такія даныя прывяла падчас прэс-канферэнцыі кіраўніца асацыяцыі польскіх прадпрымальнікаў «Аб’яднаны Усход» Эвеліна Грыгатовіч-Шумоўска, піша Most.
Фота: podlaskie.strazgraniczna.pl
Паводле слоў Эвеліны Грыгатовіч-Шумоўскай, польскі бізнес разлічваў на больш прыкметнае ажыўленне пасля аднаўлення руху праз мяжу з Беларуссю.
«Год таму я казала, што прыгранічны рух для Падляскага ваяводства — як кісларод. На жаль, кісларод быццам бы вярнулі, але наша ваяводства дагэтуль не можа ўдыхнуць на поўныя грудзі», — сказала Грыгатовіч-Шумоўская.
Рост даходаў прыгранічнага бізнесу, паводле яе ацэнак, стрымліваецца строгімі візавымі правіламі і санкцыямі, якія ўдарылі па звычайных грамадзянах Беларусі. Аднаўленне ранейшых эканамічных сувязяў, паводле ацэнкі кіраўніцы «Аб’яднанага Усходу», зойме гады.
Часткова польскія прадпрымальнікі, якія працуюць у прыгранічным рэгіёне, кампенсавалі недабор за кошт унутранага турызму. Напрыклад, гасцінічная галіна прыцягвала турыстаў з іншых рэгіёнаў Польшчы.
«Летнія канікулы і верасень паказалі, што палякі нанова закахаліся ў наш рэгіён, што дазволіла кампаніям спрацаваць год з выдатным вынікам», — сказала Грыгатовіч-Шумоўская.
Яна звязала гэта са зніжэннем негатыўнага інфармацыйнага фону вакол польска-беларускай мяжы і паспяховай рэкламнай кампаніяй Падляскай рэгіянальнай турыстычнай арганізацыі.