Сузаснавальнік Telegram Мікалай Дураў упершыню ажаніўся. Яго жонка можа быць звязаная з расійскімі спецслужбамі
У мінулым яна працавала асістэнткай расійскага генконсула ў Шанхаі, а консульская служба ў Расіі практычна цалкам укамплектаваная разведчыкамі.
Адзін з самых загадкавых і непублічных людзей сусветнай IT-індустрыі, 45‑гадовы навуковец, праграміст і распрацоўшчык Telegram Мікалай Дураў ажаніўся з 34‑гадовай ураджэнкай Чалябінска Аляксандрай. Паводле інфармацыі «Базы», шлюб зарэгістравалі ў расійскім генеральным консульстве ў Дубаі.
Каханая Мікалая, як і яго брат Павел, мае філалагічную адукацыю. Аляксандра — спецыялістка па Кітаі і міжнародных адносінах, дасканала валодае кітайскай і англійскай мовамі, вывучае французскую і іспанскую. Дзяўчына вырасла ў простай уральскай сям'і. У сваім рэзюмэ яна ўказвала, што працавала асістэнткай-перакладчыцай генеральнага консула Расіі ў Шанхаі.
Яшчэ будучы студэнткай Чалябінскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Аляксандра ўдзельнічала ў міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Шанхаі, дзе была заяўленая з дакладам «Кітай, Расія і ЗША ў Цэнтральнай Азіі: погляд з Расіі». Тэма яе выступу тычылася геапалітычных інтарэсаў трох сусветных дзяржаў у Цэнтральнай Азіі.
Мікалай Дураў — матэматычны геній і адзін з галоўных стваральнікаў Telegram. Менавіта ён распрацаваў пратакол MTProto, які ляжыць у тэхнічнай аснове месенджара. Тройчы заваёўваў золата міжнародных алімпіяд па матэматыцы і двойчы станавіўся чэмпіёнам свету па праграмаванні.
Пры гэтым ён практычна не з'яўляецца на публіцы і не дае інтэрв'ю. У адрозненне ад малодшага брата Паўла, які стаў тварам Telegram і адказвае за развіццё бізнэсу, Мікалай заўсёды заставаўся ў цені, займаючыся тэхнічным бокам праекта.