Miss Kraken: сакрэтная ўкраінская сістэма выглядае як навуковая фантастыка, але ўжо працуе на фронце
Украінская разведка ўпершыню паказала журналістам распрацоўку, якая з дапамогай штучнага інтэлекту плануе баявыя аперацыі, знаходзіць цэлі і кіруе беспілотнікамі. Сістэма ўжо прайшла праверку ў баявых умовах.
Камандны цэнтр падраздзялення штучнага інтэлекту ў Кіеве. На заднім плане — сістэма Miss Kraken. Фота: Ricardo Garcia Vilanova / WELT
Паводле легенды, Miss Kraken калісьці была ўкраінскай вайскоўкай, якая загінула падчас расійскага ўдару па Марыупалі. Яе свядомасць перанеслі ў лічбавы свет, ператварыўшы ў своеасаблівую сумесь кібарга і васьмінога.
Такую прыгожую гісторыю, як піша Die Welt, распавядаюць пра новую сістэму штучнага інтэлекту, над якой Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны (ГУР) і кампанія MAC HUB працавалі каля двух гадоў. Распрацоўшчыкі сцвярджаюць, што выкарысталі фотаздымкі, відэа і асабістыя звесткі вайскоўкі, каб узнавіць яе спосаб мыслення. Аднак ці існавала гэтая жанчына насамрэч, яны не раскрываюць.
Miss Kraken інтэгравалі ў MAC Mission Control — ужо наяўную ўкраінскую сістэму кіравання баявымі аперацыямі. Яна дазваляе камандзірам праз адзіны інтэрфейс сачыць за размяшчэннем падраздзяленняў і каардынаваць працу беспілотнікаў. Штучны інтэлект павінен значна пашырыць яе магчымасці.
Паводле інфармацыі ад распрацоўшчыкаў, Miss Kraken збірае і аналізуе разведзвесткі, у тым ліку выявы з камер і спадарожнікаў. Яна можа распазнаваць цэлі, пралічваць магчымыя сцэнары бою, выбіраць маршруты і каардынаваць працу розных беспілотнікаў.
Афіцэр ГУР з пазыўным «Дзявяты», які прадэманстраваў сістэму журналісту Die Welt у Кіеве, параўнаў яе з богам, які бачыць усё. Паводле яго, Miss Kraken можа атрымліваць інфармацыю з падключаных камер у розных частках свету. Калі доступу да патрэбных камер няма, украінская разведка, як сцвярджае афіцэр, можа ўзламаць іх.
Ён таксама заяўляе, што на задачы, якія ў людзей занялі б дні ці тыдні, штучнаму інтэлекту часам дастаткова некалькіх секундаў. У базе сістэмы ўжо назапашана каля 20 тэрабайтаў звестак, а штодня дадаецца яшчэ прыкладна 100 гігабайтаў.
На вялікім экране ў камандным цэнтры журналістам паказалі карту з размяшчэннем марскіх беспілотнікаў. У перспектыве да той жа сістэмы плануюць падключаць паветраныя дроны, наземных робатаў і, магчыма, іншыя віды ўзбраення.
Для аб'яднання тэхнікі ў адзіную сетку выкарыстоўваюць невялікія прылады памерам з запалкавую каробку. Яны перадаюць звесткі праз інтэрнэт або радыёсувязь і дазваляюць падключаць да сістэмы асобныя беспілотнікі.
Яшчэ адна магчымасць Miss Kraken — падрыхтоўка дронаў да выканання заданняў нават ва ўмовах страты сувязі. Перад аперацыяй сістэма стварае падрабязную трохмерную мадэль мясцовасці, маршруту і цэляў. Паводле распрацоўшчыкаў, на яе падрыхтоўку патрабуецца каля 40 хвілін.
Затым пілоты могуць адпрацаваць будучае заданне на сімулятарах, а беспілотнікі — выкарыстоўваць падрыхтаваныя звесткі, каб працягнуць палёт нават пасля страты інтэрнэт-сувязі.
У ГУР кажуць, што Miss Kraken ужо задзейнічалі ў некалькіх марскіх аперацыях, але іх падрабязнасцяў не раскрываюць.
Незалежны эксперт па кібервайне, былы палкоўнік арміі ЗША Аляксандр Кроўтэр заклікае асцярожна ставіцца да заяў распрацоўшчыкаў. На яго думку, большасць апісаных магчымасцяў тэхнічна рэалістычныя, але нават ЗША пакуль не здолелі стварыць сістэму, здольную сачыць за ўсім, што адбываецца на полі бою.
Кроўтэр не выключае, што прэзентацыя Miss Kraken можа быць часткай інфармацыйнай аперацыі ўкраінскай разведкі. Разам з тым ён падкрэслівае, што вайна прымушае Украіну вельмі хутка ўкараняць тэхналагічныя навінкі.