БЕЛ Ł РУС

Фонд Талая, што вінавацяць у русіфікацыі ўкраінскіх дзяцей, стварае цэнтр пад Барысавам

17.11.2026 / 16:07

Nashaniva.com

Фонд Талая купіў будынак у былой сядзібе Радзівілаў. Там рыхтуюць цэнтр для дзяцей з акупаванай Украіны, піша Tribuna.com. Праект рэалізуюць за расійскія грошы. 

Уладзімір Пуцін уручае расійскі ордэн Дружбы Аляксею Талаю. Валерый Шарыфулін / ТАСС / kremlin.ru

Фонд Аляксея Талая набыў будынак плошчай 800 квадратных метраў на тэрыторыі былой сядзібы Радзівілаў у Старабарысаве пад Барысавам.

Там ствараюць рэабілітацыйны цэнтр для ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з тэрыторый, акупаваных Расіяй. Таксама ў ім плануюць прымаць беларускіх дзяцей, якія атрымалі інваліднасць у выніку няшчасных выпадкаў.

Рамонт ужо набліжаецца да завяршэння. Сам Талай збіраецца праводзіць у цэнтры матывацыйныя заняткі.

Паводле яго слоў, праект фінансуецца дзякуючы «падтрымцы з Расіі». Хто менавіта з Расіі фінансуе праект і колькі грошай на яго выдаткавалі, не ўдакладняецца.

Дзейнасць фонду Талая ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей выклікае абвінавачанні з боку праваабаронцаў. Паводле расследаванняў, за праектамі, якія падаюцца як аздараўленне і рэабілітацыя, стаяць таксама мілітарызацыя дзяцей і навязванне ім ідэй рускага свету».

Талая і яго фонд абвінавачваюць у датычнасці да дэпартацыі і прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей. Ва Украіне супраць яго распачалі крымінальную справу.

Афіцыйны Мінск адмаўляе абвінавачанні ў незаконным вывазе дзяцей.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула