БЕЛ Ł РУС

Лясгасы сталі прапаноўваць людзям набыць пелеты анлайн

17.11.2026 / 17:52

Nashaniva.com

У Беларусі драўняныя пелеты цяпер можна набыць анлайн. Лясгасы пачалі прадаваць гэтае біяпаліва праз інтэрнэт, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

Здымак ілюстрацыйны

Прадугледжана магчымасць як самастойна вывезці паліва, так і заказаць платную дастаўку. Як і раней, пелеты можна набыць непасрэдна ў лясгасах і на гандлёвых пляцоўках «Лясны домік».

Новая паслуга не прызначаная для грамадзян, якія маюць права на льготнае паліва. Ім неабходна асабіста звярнуцца ў лясгас, набыць пелеты і падаць паліўную кніжку для адпаведнай адзнакі.

У Міністэрстве лясной гаспадаркі паведамілі, што першая анлайн-здзелка ўжо адбылася: праз тэлеграм-бот жыхар Беларусі заказаў пяць тон пелетаў у Смаргонскім доследным лясгасе.

Па інфармацыі ведамства, тона пелетаў у лясгасах-вытворцах каштуе 210 рублёў без уліку дастаўкі. Для тых, хто набывае паліва па паліўнай кніжцы, цана складае 50 рублёў за тону. Па льготнай цане адно домаўладанне можа набыць да 3,6 тоны пелетаў на працягу каляндарнага года.

Калі пелеты купляюць у лясгасе, які сам іх не вырабляе, да кошту дадаецца плата за перавозку ад найбліжэйшага вытворцы. Арганізацыяй дастаўкі і лагістыкі займаецца сам лясгас.

У міністэрстве таксама падкрэслілі, што фіксаваныя цэны дзейнічаюць толькі ў дзяржаўных лясгасах. У прыватных вытворцаў кошт можа адрознівацца.

Да 2022 года ў Беларусі актыўна адкрываліся пелетныя заводы з разлікам на экспарт у еўрапейскія краіны. Але з пачаткам расійскага ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі прадукцыя дрэваапрацоўкі краін-агрэсараў трапіла пад санкцыі і экспарт пелетнага паліва стаў немагчымы. Таму цяпер перад вытворцамі стаіць задача, каб збываць вырабленае на ўнутраным рынку.

Чытайце таксама:

Лукашэнка: У Беларусі трэба настойліва пераходзіць на ацяпленне пелетамі, газ — толькі як рэзерв

На Гомельшчыне будуюць кацельні, якія будуць працаваць на пелетах

У Гомелі пачалі вытворчасць печкі-ракеты для дачнікаў

«Склалі на ўскрайку лесу — і цішыня». Лукашэнка запатрабаваў здабываць прыбытак з бураломаў

Каментары да артыкула