Інстытуты сацыялогіі і філасофіі Акадэміі навук аб'яднаюць у адзін
У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі створаць Інстытут сацыялогіі, філасофіі і паліталогіі шляхам аб’яднання двух раней самастойных навуковых інстытутаў — Інстытута сацыялогіі і Інстытута філасофіі. Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара Інстытута філасофіі НАН па навуковай працы, кандыдат філасофскіх навук Андрэй Дудчык.
Інстытут філасофіі НАНБ. Фота: «Яндэкс. Карты»
Па словах Андрэя Дудчыка, у складзе новай установы плануецца стварыць асобны цэнтр філасофіі або філасофскіх даследаванняў, які будзе займацца адпаведнай праблематыкай. Дудчык падкрэсліў, што навуковыя даследаванні, заданні дзяржаўных праграм, запланаваныя мерапрыемствы і выдавецкія праекты Інстытута філасофіі будуць працягнутыя.
Таксама чыноўнік ад навукі заявіў, што філасофія застаецца запатрабаванай у сучасным грамадстве. Пра гэта, паводле яго, сведчаць цікавасць да філасофскай літаратуры і тое, што кампанія Anthropic, якая працуе ў сферы штучнага інтэлекту, наймае прафесійных філосафаў для працы над пытаннямі навучання нейрасетак і этычнага рэгулявання магчымых сацыяльных наступстваў.