У Жабінкаўскім раёне ў ДТЗ загінулі два чалавекі
Аварыя адбылася 17 лістапада каля 18:30.
59‑гадовы жыхар Маладзечанскага раёна ехаў на грузавіку МАЗ па аўтадарозе Р-104 «Жабінка — Кобрын» у напрамку Жабінкі. На чацвёртым кіламетры дарогі ён паспрабаваў пазбегнуць сутыкнення з 39‑гадовым раварыстам, які рухаўся ў тым жа кірунку.
У выніку грузавік выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем Peugeot пад кіраваннем 53‑гадовага жыхара Кобрынскага раёна, а таксама з роварам.
Кіроўца Peugeot загінуў на месцы здарэння. Раварыста і кіроўцу МАЗа даставілі ў бальніцу. Неўзабаве стала вядома, што жыццё раварыста ўратаваць не ўдалося.