БЕЛ Ł РУС

Памёр 87‑гадовы турэцкі мільярдэр, уласнік мінскай Crowne Plaza. Але грошай не пакінуў ні жонцы-беларусцы, ні чатыром дзецям

18.11.2026 / 10:35

Аўгіння Якімук

Амаль 30 гадоў таму 17-гадовая Кацярына Шулькевіч паехала з родных Баранавічаў у Турцыю. План быў просты: папрацаваць у гатэлі і падзарабіць грошай. Але праз тры дні ў яе закахаўся ўладальнік гатэля і «кароль казіно» Судзі Азкан, старэйшы за яе на 40 гадоў.

Кацярына Шулькевіч і Судзі Азкан

Калі Кацярына ў 17 гадоў (гэта быў 1997 год) вырашыла паехаць працаваць у турэцкі гатэль, бацькам ідэя не вельмі спадабалася. Ужо калі жанчына стала гераіняй публікацый сусветных СМІ, казала: маці адмаўлялася адпускаць дачку ў Турцыю, а першым здаўся тата. Маўляў, лепш прыняць рашэнне дзяўчыны, бо яна ўпартая — усё роўна з’едзе, дык варта не псаваць адносіны, каб дачка хаця б тэлефанавала.

Пазней Кацярына прызнавалася: калі б нехта з яе дзяцей у 17 гадоў вырашыў паўтарыць гісторыю прыгод маці, яна б наняла спецслужбы, каб тыя знайшлі ўцекача, вярнулі дамоў і закрылі б на 30 замкоў.

У такую Кацярыну мільярдэр і закахаўся

Але вернемся ў 1997 год: беларуска прыляцела ў Кумбургаз (ціхае і ўтульнае мястэчка паблізу Стамбула) і ўладкавалася на працу ў гатэль Princess. Там яна і пазнаёмілася з Судзі Азканам — паспяховым бізнэсменам, уладальнікам гатэляў і казіно.

Мужчына быў на 40 гадоў старэйшы за Кацярыну. Нават яго два сыны ад першага шлюбу былі старэйшымі за дзяўчыну. Але Судзі быў зачараваны беларускай.

Казаў, што быў у дэпрэсіі пасля разводу — а тут пабачыў прыгожую дзяўчыну і на душы стала радасней. 

Яна была наіўнай і сарамлівай, часцяком бянтэжылася і чырванела падчас размовы. Імаверна, гэта і скарыла сэрца мільярдэра.

Фота: kp.ru

Адпрацавала ў выніку Кацярына два ці тры дні. А пасля Судзі запрасіў яе на вячэру. Ён не ведаў рускай мовы, яна — турэцкай і англійскай. Але ж неяк паразумеліся.

Беларуска разважала пасля: можа, у пачатку адносін моўны бар'ер і дапамагае — улюбляешся ў погляд, пах чалавека.

Першы год Судзі спрабаваў скарыць яе сэрца — завальваў кветкамі ды ўпрыгожаннямі, а Кацярына выстаўляла кавалера за парог яго ж гатэля.

Кацярына Шулькевіч у 1997 і 2018

Пасля адносіны нагадвалі амерыканскія горкі. Кацярына распавядала ў інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе», што вельмі хацела сям’ю і дзяцей — а вось яе абраннік да гэтага не вельмі імкнуўся. Бо дзеці ў яго ўжо былі, а няўдалы досвед шлюбу не асабліва матываваў зноў ставіць штамп у пашпарт.

Пры кожным канфлікце Кацярына збірала чамаданы і злятала на радзіму (аднойчы яе партнёр нават схаваў пашпарт, каб яна не змагла з’ехаць). Ці то сур’ёзна, ці то жартуючы казала: калі апошні раз «назаўсёды» вярнулася ў Беларусь, бізнэсмен пабудаваў у Мінску пяцізоркавы гатэль Crown Plaza — каб быць у краіне, адкуль беларуска не зможа ўляцець.

Афіцыйнае вяселле зрабілі праз сем гадоў пасля знаёмства — на той момант у пары ўжо было тры сыны. Шыкоўная цырымонія адбылася ў 2004 годзе на карыбскім востраве Сен-Мартэн у гатэлі, які належаў жаніху.

Над падрыхтоўкай свята два месяцы працавала каманда з 200 чалавек. З Нідэрландаў даставілі 4000 архідэй, з Францыі спецыяльна прывезлі афіцыянтаў, а з Турцыі — кухараў. 

Фота: kp.ua

На банкеце гасцям падалі 20 кілаграм бялужай ікры, 150 кілаграм ласося, 300 лобстараў, а элітнае шампанскае лілося ракой.

Сярод гасцей былі не толькі дзеці, але і ўнукі жаніха. 25‑гадовая нявеста прыехала на карэце, а яе маленькія сыны кідалі маці пад ногі кветкі.

Фота з сайта Eva.bg

Дарэчы, менавіта на Сен-Мартэне сям’я і асела. Трэба адзначыць, што Азкан у свой час з’ехаў з Турцыі праз падатковы доўг. Ужо праз гады дзякуючы праграме падатковай амністыі змог пагасіць усё ў растэрміноўку і атрымаў магчымасць вяртацца на радзіму.

Бізнэсмен адкрыў шмат казіно ў розных гарадах і краінах — у Беларусі гэта было казіно Princess.

Кацярына сцвярджала, што каханне з розніцай у 40 гадоў яе не засмучала. Маўляў, Судзі быў спартыўным, вясёлым і шчодрым. 

Ужо ў шлюбе ў пары нарадзілася дачка. Але ў 2011 годзе пра сям’ю Кацярыны і Судзі зноў пачалі пісаць сусветныя СМІ. Сцвярджалася, што бізнэсмен падаў на развод. 

У інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе» 71‑гадовы мужчына казаў, што беларуска разбіла яму сэрца і вельмі моцна пакрыўдзіла. Тады ён прыехаў у Мінск у свой гатэль і жыў у самым шыкоўным нумары.

Абяцаў, што не пакіне беларускую жонку ні з чым: «Я купіў ёй шыкоўны дом і тут, у Беларусі, і там, на Сен-Мартэне. Я адкрыў для яе і на востраве, і ў Мінску СПА-салоны, якімі Каця любіла займацца».

Нерухомасць сям'і на Сен-Мартэне

Ён таксама распавядаў, што набыў для Кацярыны прыватны самалёт, бо яна не хацела лятаць на звычайным. Дзякуючы яму бацькі і сястра яго жонкі мелі добрыя машыны. А самой Кацярыне муж, па яго словах, штогод даваў $2‑3 мільёны.

Дзяцей бізнэсмен быў гатовы пакінуць з маці. Сцвярджаў, што дае на кожнага па $10 тысяч штомесяц. Акрамя гэтага, на ашчадных рахунках дзяцей тады ўжо сабралася $3 мільёны.

Кацярына Шулькевіч з дзецьмі

Каб уявіць памеры дома на Сен-Мартэне: па словах Судзі, толькі на аплату электрычнасці штомесяц ішло $25 тысяч. А абслугоўвалі асабняк 33 чалавекі.

У чым жа была крыўда Судзі на жонку? Ён казаў, што двойчы надоўга — месяцы на чатыры — з’язджаў у Македонію, дзе адкрываў чарговы гатэль. У той час у Кацярыны з’явіліся новыя сяброўкі і яны разам пачалі хадзіць у клубы.

Па словах мужчыны, жонка сказала яму, што хоча быць незалежнай і вольнай — а ён адказаў, што такое магчыма толькі пасля разводу. Не падабалася яму і тое, што Кацярына пачала здымацца для розных часопісаў, публікаваць свае фота ў інтэрнэце — а муж-мусульманін не надта хацеў, каб яго жонку-прыгажуню бачыла шмат іншых мужчын. У апошні момант ён даведаўся пра тое, што яна хоча ўдзельнічаць у конкурсе прыгажосці — і забараніў. 

«Я не бачу сэнсу ў прымірэнні. Калі б я мог стаць беларусам і ўспрымаць свет з гэтай ментальнасцю, то, магчыма, я б і дараваў жонцы. Але я мусульманін і нічога не магу з гэтым зрабіць. Гэтая крыўда жыве глыбока ўва мне».

Азкан быў упэўнены, што атрымае развод праз пяць‑шэсць месяцаў. Планаваў жыць у сваіх гатэлях у Беларусі і Турцыі.

Але ж Кацярына ў інтэрв'ю ў 2017 годзе сцвярджала, што насамрэч ніякага разводу не адбылося, хоць і прызнавала, што жыве не разам з мужам (прынамсі, большую частку часу).

А ўжо ў 2018 годзе падкрэслівала, што за апошнія гады ператварылася ў больш спакойнага, разважлівага чалавека. Навучылася дараваць і даваць шанцы. І нават адзначала: «Таму ў нас з мужам вельмі добрыя адносіны і па сёння». 

Па словах Кацярыны, муж усё ж зразумеў, што жонка мае талент і ёй неабходна развіццё — стаў спакойна ставіцца да яе бізнэсу (беларуска тады займалася пастаўкамі карыснай ежы на востраве).

Яна разважала пра моцныя шлюбы: «А часам трэба проста трошачкі пацярпець — і ўсё стане на свае месцы. Можа, год, можа, два, у маім выпадку было больш. Калі людзі кахаюць адно аднаго, няхай нават нехта сарваўся, не трэба даць упасці з абрыву цалкам. Трэба за мезенчык, але ўтрымаць».

Кацярына Шулькевіч з мужам і дзецьмі

На пытанне пра тое, ці на паўзе іх адносіны з мужам, Кацярына адказала адмоўна. Маўляў, у іх заўсёды эвалюцыя — засяродзіліся на дзецях і стала ўсё толькі лепш.

«Адносіны перайшлі ў фазу «бацькоўскія». Ведаеце, самае вялікае маё багацце — кароткая памяць. І мне не трэба ніякіх прабачэнняў. Жанчыны з кароткай памяццю — самыя шчаслівыя на свеце».

Сёлета ў кастрычніку Судзі Азкан памёр — яму было 87 гадоў. Пасля смерці высветлілася, што «кароль казіно» пакінуў сваю бізнэс-імперыю не дзецям, а спецыяльнаму фонду. 

Паводле турэцкага выдання Patronlar Dünyası, фонд быў створаны прыкладна за год да смерці бізнэсмена. У яго кіраўніцтва ўвайшлі адвакат турэцкага паходжання са швейцарскім грамадзянствам і двое шматгадовых супрацоўнікаў Азкана.

Ніхто з шасцярых дзяцей мільярдэра ад двух шлюбаў не атрымаў месца ў кіраўніцтве фонду.

Пры гэтым частка бізнэсу, у тым ліку гатэлі і казіно ў Балгарыі і грузінскім Батумі, засталася па-за межамі новай структуры.

Пра рашэнне бацькі сваякі даведаліся толькі пасля яго пахавання, падчас сустрэчы з адвакатам.

Што цяпер будзе са спадчынай мільярдэра і ці атрымаюць яго дзеці частку шматмільённай імперыі, пакуль невядома. Галоўнае пытанне — хто будзе атрымліваць прыбытак ад бізнэсу (сам фонд, нашчадкі або нейкія іншыя асобы), бо кіраванне фондам яшчэ не азначае асабістага ўладання яго актывамі. 

У Мінску са спадчыны Азкана застаўся гатэль Crowne Plaza і казіно Princess.

Чытайце таксама:

Памятаеце беларускую афіцыянтку, якая стала жонкай шэйха з Дубая? Вось як склалася жыццё герояў гэтай казкі

Каментары да артыкула