48‑гадовага аўтамаляра з Гарадка асудзілі да калоніі. Меркавана, за каментарыі ў падтрымку Украіны
Ігара Панкова кінулі за краты за «распальванне варожасці» і «абразу Лукашэнкі». Мужчыну прызначылі паўтара года калоніі.
Ігар Панкоў. Фота: Укантакце
Ігару Панкову 48 гадоў. Ён жыхар Гарадка Віцебскай вобласці.
Мужчына працаваў аўтаслесарам. Меў статус індывідуальнага прадпрымальніка і больш за 10 гадоў займаўся кузаўным рамонтам і афарбоўкай аўтамабіляў ва ўласным гаражы.
Ігар цікавіўся аўтамабілямі і рыбалкай.
Апошнія яго паведамленні ў адкрытых чатах датуюцца 24 лістапада 2025 года.
Ігара арыштавалі не пазней за май 2026 года і ўтрымлівалі ў СІЗА №1 у Калядзічах. Яго судзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 («распальванне іншай сацыяльнай варожасці») і арт. 368 («абраза Лукашэнкі»). Хутчэй за ўсё, нагодай для справы сталі менавіта ягоныя допісы ў тэлеграме ў падтрымку Украіны.
У жніўні 2026 года суд прызначыў Панкову 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Пасля таго як у кастрычніку прысуд набыў законную сілу, КДБ унёс мужчыну ў спіс «тэрарыстаў», праз што ён пазбаўлены магчымасці атрымліваць грашовыя пераводы.
«Вясна» прызнала Панкова палітвязнем.