БЕЛ Ł РУС

Ці нападалі мядзведзі ў Беларусі на людзей?

18.11.2026 / 08:24

Nashaniva.com

Колькасць мядзведзяў у Беларусі за год вырасла больш чым на 260 асобін. Цяпер іх налічваецца 1228.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: vecteezy.com

Пры гэтым у Мінлясгасе лічаць, што жывёлы не ўяўляюць пагрозы для чалавека: цяпер у іх дастаткова ежы, таму падстаў для канфліктаў з людзьмі няшмат. Пра гэта на брыфінгу ў аўторак расказаў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі ведамства Аляксандр Казарэз, піша Onliner.by.

Паводле даных карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў, у 2025 годзе ў Беларусі налічвалася 1228 мядзведзяў.

У 2026‑м быў ужо 1491 мядзведзь. Пры гэтым сустрэчы з жывёламі ў лясах адбываюцца ўсё часцей, але выпадкаў нападу на людзей у краіне не зафіксавана.

Для параўнання: у Расіі зафіксавана 307 тысяч мядзведзяў. З 1990‑х гадоў і іх колькасць вырасла ў два разы.

Як патлумачыў Аляксандр Казарэз, адна з асноўных прычын канфліктаў паміж мядзведзямі і людзьмі — недахоп натуральнага корму. Цяпер такой праблемы ў Беларусі няма: у лясах дастаткова капытных жывёл, а пасля ўборкі кукурузы мядзведзі могуць харчавацца качанамі, якія засталіся на палях.

«Жывёлы сытыя і не ўяўляюць пагрозы для чалавека», — адзначыў прадстаўнік Мінлясгаса.

Летась у Беларусі здабылі 37 мядзведзяў. На 2026 год запланавана здабыча 65 асобін. У ведамстве не выключаюць, што гэты паказчык крыху павялічаць: у адпаведную інструкцыю ўжо ўнеслі змены.

У Мінлясгасе таксама заявілі, што не лічаць небяспечнымі для людзей рысяў. За ўвесь перыяд назіранняў у Беларусі не зафіксавалі ніводнага выпадку нападу гэтых жывёл на чалавека. Папуляцыю ваўкоў, паводле слоў прадстаўніка ведамства, таксама кантралююць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула