БЕЛ Ł РУС

Амерыканка пабіла рэкорд беларускі па кручэнні ў паветры на ўласных валасах

18.11.2026 / 09:21

Nashaniva.com

93 абароты за паўхвіліны. Амерыканская цыркавая артыстка перавысіла адразу на 25 абаротаў рэкорд беларускі Паліны Карвоўскай.

Сіяра Хотап. Скрын відэа

Новай рэкардсменкай стала Сіяра Хотап. 16 лістапада Кніга рэкордаў Гінеса на афіцыйным відэаканале апублікавала ролік з рэкордам.

Раней найлепшы вынік складаў 68 абаротаў за 30 секунд. Яго ўладальніцай была Паліна Карвоўская з Беларусі.

Новай рэкардсменцы дапамог досвед катання на каньках: яна шмат гадоў трэніравала кручэнні, а пазней перанесла гэтыя навыкі ў цыркавы нумар з падвешваннем за валасы.

Паліна Карвоўская вядомая гэтым нумарам па іспанскім шоу талентаў Got Talent. У сёмым сезоне, які выходзіў у 2021 годзе, яна выканала танец у паветры на тросе, прымацаваным да яе валасоў. Відэа выступлення сабрала больш за 15 мільёнаў праглядаў на YouTube.

Артыстка родам з Дзяржынска. Яна скончыла Мінскі каледж мастацтваў, працавала ў ансамблі песні і танца Узброеных сіл і «Харошках». У 2018 годзе пераехала ў Германію, атрымаўшы працу ў парку забаў Europa-Park.

Карвоўская расказвала, што адправіла запіс свайго незвычайнага нумара на шоу талентаў у некалькі краін. Адказ прыйшоў з Іспаніі.

Двое з трох суддзяў сказалі беларусцы «так». Аднак працягнуць удзел у шоу яна не змагла праз асноўную працу.

Карвоўская прызнавалася, што такі жанр даецца няпроста: падчас асваення нумароў у яе пачаліся мігрэні і пашкоджваліся валасы.

«Страшна, але трэба ўсведамляць: раз ты выбраў гэты жанр, значыць, валасы — твой расходнік», — казала артыстка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула