Польшча ў кастрычніку надала міжнародную абарону 22 грамадзянам Беларусі
Усяго за кастрычнік упраўленне разгледзела 95 спраў грамадзян Беларусі, 58 чалавекам адмовілі ў абароне.
Як вынікае са справаздачы Упраўлення па справах замежнікаў, 20 чалавек былі прызнаныя бежанцамі, 2 чалавекі атрымалі статус дадатковай абароны, 58 грамадзянам Беларусі адмовілі ў міжнароднай абароне, піша Reform.news.
У параўнанні з вераснем колькасць станоўчых рашэнняў трохі знізілася. Тады іх было 24, а колькасць адмоў крыху вырасла, у верасні іх было 58. У жніўні было 36 пазітыўных рашэнняў, а адмоў — каля 50. У ліпені міжнародная абарона была нададзеная толькі 14 беларусам, у той час як 82 атрымалі адмоўныя рашэнні. У чэрвені станоўчыя рашэнні атрымалі 25 чалавек, а адмовы ў міжнароднай абароне — 52 чалавекі.
Агулам з пачатку года Упраўленне па справах замежнікаў вынесла рашэнні па 1193 справах беларускіх прасіцеляў прытулку. У студзені-кастрычніку статус бежанца атрымалі 322 грамадзяніны Беларусі, дадатковую абарону — 382 чалавекі, 324 беларусам было адмоўлена ў міжнароднай абароне, а разгляд 165 спраў спынілі.
На 1 лістапада Упраўленне працягвала разглядаць 3230 спраў беларусаў, у тым ліку 2890 у першай інстанцыі, а 340 у другой. За верасень колькасць спраў у першай інстанцыі скарацілася на 24, а ў другой — вырасла на 51. Агульная колькасць спраў беларусаў, якія разглядаюцца Упраўленнем, за кастрычнік вырасла на 18.
Дакументы, якія даюць права на знаходжанне ў Польшчы, на 1 лістапада мелі 127,87 тыс. грамадзян Беларусі. За кастрычнік іх колькасць знізілася на 1964 чалавекі, што можа быць звязана са сканчэннем тэрміну дзеяння дазволаў на жыхарства і працяглымі працэдурамі іх разгляду.
На 1 лістапада беларусы ў Польшчы мелі:
72 807 часовых дазволаў на жыхарства,
41 047 пастаянных дазволаў на жыхарства,
9570 статусаў дадатковай абароны,
2768 статусаў доўгатэрміновых рэзідэнтаў ЕС,
1288 статусаў бежанца,
209 знаходзіліся на ўмовах часовай абароны,
178 мелі іншыя статусы (усяго 127 867 чалавек).
За кастрычнік Упраўленне па справах замежнікаў выдала 1995 пазітыўных рашэнняў па часовых дазволах на жыхарства, 300 — па пастаянных дазволах на жыхарства, 100 — па доўгатэрміновым рэзідэнцтве ЕС.
Упраўленне ў кастрычніку адмовіла ў выдачы часовага дазволу на жыхарства 214 заяўнікам, у пастаянным дазволе на жыхарства — 79, а ў статусе доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС — 15 грамадзянам Беларусі.
З пачатку года часовыя дазволы на жыхарства былі выдадзеныя 19 475 беларусам, пастаянныя — 3059, а доўгатэрміновае рэзідэнцтва ЕС — 910 грамадзянам Беларусі.
Сёлета ўпраўленне таксама выдала 6250 польскіх праязных дакументаў грамадзянам Беларусі, у тым ліку 570 у кастрычніку. Яны могуць атрымаць іх у спрошчаным парадку, калі заканчваецца тэрмін дзеяння беларускага пашпарта, а вярнуцца на радзіму для яго пераафармлення па розных прычынах немагчыма. Упраўленне прагназуе, што па выніках года колькасць выдадзеных праязных дакументаў можа перавысіць 7,6 тыс.