Беларуская чыгунка запусціць навагоднія туры ў сядзібу Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы
Падарожжы на турыстычным цягніку будуць ажыццяўляцца па маршруце Мінск — Брэст — Мінск з 11 снежня.
Фота: Белчыгунка
Цягнікі адправяцца са сталіцы 11, 18, 24, 26 снежня і 6 студзеня. У Брэст яны будуць прыбываць раніцай наступнага дня.
Зваротны шлях у Мінск запланаваны на 12, 19, 25, 27 снежня і 7 студзеня. На пероне пасажыраў будуць сустракаць правадніцы-Снягуркі і чыгуначны Дзед Мароз.
У падарожжа турысты адправяцца ў камфартабельных купэйных вагонах да Брэста, а далей у Нацыянальны парк «Белавежская пушча» іх цэнтралізавана даставяць аўтобусы ў суправаджэнні экскурсаводаў, паведамляе Белчыгунка.
Памочнікі Дзеда Мароза правядуць турыстаў па Алеі казак і пазнаёмяць іх з казачнымі персанажамі.
Удзельнікаў тура чакаюць пачастунак смачнымі пышнымі блінамі і гарачай гарбатай на пушчанскіх зёлках, а таксама падарунак.
У Пушчы ў вальерах можна пабачыць рысь, лісіцу, казулю, высакароднага і плямістага аленяў, ваўка, лася, дзіка, мядзведзя і зубра. Музей прыроды, наведванне якога таксама прадугледжана праграмай тура, карыстаецца папулярнасцю ў наведвальнікаў Белавежскай пушчы.
На зваротным шляху ў цягніку для турыстаў прадугледжана гульнявая анімацыйная праграма.