«Пад канвоем вывезлі нас з мяжы». Расійская блогерка расказала пра затрыманне мужа на беларускай мяжы праз падпіску
Мужа расійскай блогеркі Настассі Бунс затрымалі пры ўездзе ў Беларусь праз старую падпіску на навінавы чат, прызнаны «экстрэмісцкім». Паводле жанчыны, праверка заняла шэсць гадзін, пару пад канвоем адвезлі ў міліцыю.
Скрын відэа Настассі Бунс
Расійская блогерка Настасся Бунс жыве з мужам у Калінінградзе. На выходныя пара вырашыла з'ездзіць на машыне ў Санкт-Пецярбург.
У выніку мужа жанчыны затрымалі пры ўездзе з Літвы ў Беларусь праз старую падпіску на навінавы чат, прызнаны «экстрэмісцкім». Паводле жанчыны, праверка заняла шэсць гадзін. Пару пад канвоем адвезлі ў міліцыю.
«Гэта мы вырашылі ў Піцер на выхадныя зматацца. На мяжы з Беларуссю майго мужа затрымалі на шэсць гадзін да высвятлення абставін. На пост выклікалі міліцыю і пад канвоем вывезлі нас з мяжы проста ў аддзел», — расказала блогерка.
Паводле яе, муж мае беларускае грамадзянства. Падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі, ён падпісаўся на навінавы рэсурс у тэлеграме, каб сачыць за падзеямі. Пазней той прызналі «экстрэмісцкім».
«Нічога там не пісаў, нікому не пераводзіў грошы, проста калісьці падпісаўся, прачытаў і забыўся выйсці», — патлумачыла жанчына.
Гэту падпіску знайшлі пры праверцы тэлефона на мяжы.
«У аддзеле міліцыі паглядзелі перапіскі, пераканаліся, што прычын для рэальнага арышту няма, і адпусцілі нас.
Але самі сілавікі шчыра сказалі: такіх людзей з мяжы прывозяць проста пачкамі», — дадала блогерка.
Паездку пара ўсё ж працягнула.
Але блогерка папярэджвае: «Мужчыны і жанчыны, асабліва тыя, у каго ёсць падвойнае грамадзянства ці пашпарт Беларусі, будзьце пільнымі. Проста перад паездкай праверце свае падпіскі ў Telegram. Можна ўступіць у нейкі чат шмат гадоў таму дзеля цікавасці і забыцца. А на мяжы гэта стане прамой прычынай для прыводу ў паліцыю, арышту і судзімасці».