«Уроцлаўская супольнасць кончаная. Ніхто не заступіўся. Проста чэрці». У Пятрухіна на стрыме выбілі з рук тэлефон
Пятрухін збіраўся здымаць толькі сябе і Алеся Бяляцкага, але ў кадр яго тэлефона трапілі і іншыя людзі.
Сяргей Пятрухін падчас аднаго са стрымаў. Ілюстрацыйнае фота
Блогер Сяргей Пятрухін прыйшоў на прэзентацыю кнігі Алеся Бяляцкага ва Уроцлаве і вёў адтуль стрым. Па яго словах, незнаёмая жанчына выхапіла ў яго тэлефон, а сам нобелеўскі лаўрэат на ягонае пытанне не адказаў.
Сустрэча з Алесем Бяляцкім адбылася 17 лістапада. Паслухаць нобелеўскага лаўрэата прыйшлі каля 80 чалавек.
Пятрухін кажа, што арганізатары дазволілі яму весці трансляцыю і што камеру ён трымаў скіраванай на сябе.
Аднак калі блогер стаў круціцца, у кадр трапілі і іншыя людзі.
Першы стрым абрываецца, калі да блогера падыходзяць са словамі: «А вы хто?»
У наступным эфіры Пятрухін распавёў, што жанчына, якую ён называе Светай, выхапіла ў яго тэлефон і пагражала выклікаць паліцыю.
Ён таксама абверг запушчаныя Алесяй Пархоменкай чуткі, што тэлефон забрала старшыня беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай: «Яна да мяне не падыходзіла».
Сяргей Пятрухін на стрыме. Скрыншот: «Народны рэпарцёр» / Youtube
Пасля прэзентацыі Пятрухін больш за гадзіну чакаў Бяляцкага, каб спытаць пра Новікава, Скіндзерава і Мышленніка. Гэтых беларусаў у Еўропе на падставе высноў спецслужбаў пазбаўляюць міжнароднай абароны, ім пагражае дэпартацыя.
Пытанне блогер задаў, калі Бяляцкі ўжо выходзіў. Той, па словах Пятрухіна, нешта ціха адказаў і пайшоў.
Гэта раз'юшыла Пятрухіна. Ён ехаў на веласіпедзе па вечаровым Уроцлаве і чартыхаўся: «Так сябе паводзяць чмошнікі, а не нобелеўскія лаўрэаты», «паводзіць сябе як гопнік, як пацучаня», «уцёк як дзеўка».
Расстроіўся Пятрухін і стаўленнем да сябе з боку беларускай дыяспары.
«Уроцлаўская супольнасць кончаная. Ніхто не заступіўся, ніхто нічога не сказаў. Чэрці, проста чэрці», — падсумаваў ён.