БЕЛ Ł РУС

Самы доўгі тралейбусны маршрут Мінска збіраюцца зрабіць яшчэ даўжэйшым

18.11.2026 / 13:45

Nashaniva.com

Яго даўжыня ў адзін бок складае 21 кіламетр.

Прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» прапанавала мінчанам паўдзельнічаць у апытанні па змяненні трасы тралейбуса №34 («ДС Ангарская-4 — Зялёны Луг-3»). Гэта зрабілі пасля просьбаў жыхароў сталіцы скарэктаваць маршрут, піша Blizko.by.

Трасу тралейбуса прапануюць змяніць у раёне Ангарскай. Цяпер ад канцавога пункта ён едзе па вуліцы Несцерава, з яе паварочвае на Ангарскую і рухаецца па ёй да Партызанскага праспекта. Вось як гэта выглядае.

Сталічныя транспартнікі прапануюць некалькі варыянтаў змянення працы «34».

Ад дыспетчарскай «Ангарская-4» тралейбус будзе ехаць не проста па вуліцы Несцерава, а паварочваць на Ілімскую, адтуль — на Герасіменкі, пасля чаго зноў выязджаць на Несцерава. Такім чынам «трыццаць чацвёрка» аб'едзе з трох бакоў густанаселены квартал з некалькімі дзіцячымі садкамі і школамі. Схему можна ўбачыць ніжэй.

Пры гэтым у «Сталічным транспарце і сувязі» адзначаюць, што пры такой трасе ў тралейбуса знікне прыпынак «Несцерава» паміж ДС «Ангарская-4» і скрыжаваннем з вуліцай Герасіменкі. Жыхарам гэтага ўчастка давядзецца ісці да дыспетчарскай або да «Ангарскай-3», каб сесці на 34-ы.

Акрамя таго, у «трыццаць чацвёркі» павялічыцца інтэрвал руху, а пасажыры, якія адпраўляюцца з канцавога пункта, будуць ехаць даўжэй.

Варыянт 2. Па прапанаванай трасе будзе ездзіць тралейбус №34д, а маршрут звычайнага 34‑га пакінуць без зменаў.

У такім выпадку жыхары квартала, які будуць аб'язджаць, атрымаюць тыя ж перавагі. Аднак у «Сталічным транспарце і сувязі» папярэджваюць: пры такім варыянце ў звычайнай «трыццаць чацвёркі» павялічыцца інтэрвал руху. Верагодна, дадатковы тралейбус збіраюцца запусціць за кошт яе рухомага саставу, без прыцягнення дадатковых транспартных сродкаў.

Варыянт 3. Усё застаецца без зменаў.

Прагаласаваць за адзін з варыянтаў можна на працягу тыдня: апытанне на сайце «Сталічнага транспарту і сувязі» будзе даступнае да 25 лістапада.

Маршрут тралейбуса №34 застаецца самым доўгім у Мінску. Яго працягласць у абодвух напрамках складае 42,8 кіламетра (у адзін бок — 21,5 км).

Бліжэйшы канкурэнт — тралейбус №53 («ДС Зялёны Луг-6 — ДС «Малінаўка-4»), які праязджае каля 41,2 кіламетра (20,5 км), аднак цяпер курсіруе па змененым маршруце. Яго звычайная траса ў абодва бакі складае 39,5 кіламетра.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула