БЕЛ Ł РУС

У Польшчы арыштавалі прадстаўнікоў незвычайнага бізнэсу. Яны за плату на пэўны час пераводзілі грошы кліентам, якім патрэбныя былі польскія ДНЖ

18.11.2026 / 14:55

Nashaniva.com

За паслугі ўдзельнікі групы спаганялі плату ў памеры ад 45 да 180 еўра.

Фота: strazgraniczna.pl

У Польшчы затрымалі сем чалавек, датычных да злачыннай групы, якая дапамагала замежным студэнтам пацвярджаць фінансавую заможнасць. Дзякуючы гэтаму тыя атрымлівалі ДНЖ. Сярод кліентаў групы былі і беларусы, вынікае з інфармацыі Памежнай службы Польшчы, піша Most.

Злачынная група дзейнічала ў 2022‑25 гадах. Яе дзейнасць палягала ў часовым пераводзе грошай на банкаўскія рахункі кліентаў. Банкі выдавалі выпіскі з рахункаў, якія пацвярджалі наяўнасць у замежніка сродкаў для пакрыцця выдаткаў на знаходжанне ў краіне. Студэнты, якія падавалі заявы на ДНЖ на падставе навучання ў Польшчы, прадстаўлялі гэтыя выпіскі ў Мазавецкі ваяводскі ужонд, тым самым уводзячы супрацоўнікаў у зман адносна сваёй фінансавай сітуацыі.

Атрымаўшы выпіску, кліенты здымалі наяўныя грошы і вярталі іх удзельнікам групы альбо пераводзілі грошы наступным кліентам. За паслугі ўдзельнікі групы спаганялі плату ў памеры ад 200 да 800 злотых (45—180 еўра). 

Паводле ацэнак памежнікаў, атрымаць студэнцкі ДНЖ такім чынам маглі каля 3 тыс. замежнікаў, у тым ліку грамадзяне Беларусі, Турцыі, Казахстана, Узбекістана, Індыі і іншых краін.

Усяго былі затрыманыя сем чалавек. Гэта грамадзяне Украіны, Беларусі, Грузіі і Германіі. Чатыром асобам выстаўленыя абвінавачанні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе. Аднаго з іх — 35‑гадовага грамадзяніна Германіі казахскага паходжання — абвінавачваюць у кіраўніцтве злачыннай групай. Таксама ўдзельнікам групы выстаўленыя абвінавачанні ў незаконнай дапамозе замежнікам у атрыманні ДНЖ. Яшчэ траіх чалавек абвінавачваюць у саўдзеле ў злачынстве. Двух удзельнікаў групы змясцілі пад арышт.

Падчас ператрусаў канфіскаваныя тэлефоны, ноўтбукі, вялікі аб'ём дакументаў, а таксама наяўныя грошы ў розных валютах на агульную суму каля 40 тыс. злотых (9 тысяч еўра).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула