У Гданьску беларус сказаў паліцэйскім, што ўдзельнічае ў конкурсе па пошуку схаваных наркотыкаў
У прынцыпе, хлопец перамог. Але як адседзіць, яго дэпартуюць.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: польская паліцыя
Увечары 12 лістапада ў паліцыю Гданьска паведамілі пра дваіх людзей, якія падазрона сябе паводзілі. Убачыўшы ахоўнікаў суседніх будынкаў, яны выкінулі дзве ўпакоўкі з пакецікамі, у якіх, як меркавалася, была марыхуана.
На месцы паліцэйскія заспелі пару. 32‑гадовы беларус і 20‑гадовая ўкраінка патлумачылі паліцыі, што прыехалі шукаць схаваныя наркотыкі, бо ўдзельнічаюць у конкурсе: нібыта менавіта ў гэтым месцы трэба было іх знайсці.
Паводле паліцыі, у пары выявілі расліннае рэчыва, клефедрон, гашыш, амфетамін і таблеткі — не менш за 75 порцый розных наркотыкаў.
Абаім выставілі абвінавачанне ў захоўванні наркотыкаў або псіхатропных рэчываў.
Абаім пагражае да трох гадоў зняволення.
Таксама высветлілася, што беларусу ўжо адмовілі ў дазволе на жыхарства ў Польшчы.