У тэлеграме з’явяцца схаваныя чаты: іх можна адкрыць сакрэтнай фразай
У бэта-версіі Telegram для Mac з’явілася магчымасць схаваць перапіскі і каналы з асноўнага спіса. Каб іх убачыць, трэба ўвесці сакрэтную фразу ў звычайны радок пошуку, піша «Код.ру».
Функцыя наладжваецца ў раздзеле прыватнасці Hidden Chats. Фраза павінна змяшчаць не менш за восем сімвалаў. Пакуль фраза ўводзіцца толькі лацінкай. Можна стварыць некалькі фраз — кожная будзе адкрываць свой набор чатаў.
Схаваны раздзел аўтаматычна закрываецца пры блакаванні экрана, пераходзе камп’ютара ў рэжым сну або пасля пяці хвілін бяздзейнасці. Званкі ад схаваных кантактаў бязгучна скідаюцца.
Пакуль гэта працуе толькі на тым Mac, дзе наладзілі функцыю. На тэлефоне і іншых прыладах перапіскі застаюцца бачнымі.
Калі забыць фразу, аднавіць яе нельга. Каб зноў убачыць чаты на гэтым Mac, давядзецца выйсці з акаўнта і ўвайсці нанова.
Тэрміны з’яўлення функцыі ў звычайнай версіі Telegram невядомыя.