Егіпецкі самалёт двойчы за ноч сядаў у Мінску па дарозе ў Маскву
Самалёт Airbus A320 егіпецкай авіякампаніі Nesma Airlines, які выконваў рэйс з Шарм-эш-Шэйха ў маскоўскі аэрапорт Унукава, двойчы прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. У выніку да Масквы ён дабраўся толькі з трэцяй спробы — з затрымкай больш чым на сем гадзін, піша Onliner.by.
Усё адбылося яшчэ ў ноч з 16 на 17 лістапада. Першы раз самалёт сеў у Мінску з-за абмежаванняў на прыём паветраных суднаў у маскоўскім авіяцыйным вузле. Аднак пасля гэтага экіпаж распачаў яшчэ адну спробу працягнуць палёт.
У 22:53 Airbus зноў вылецеў з Мінска. Ён набраў вышыню каля 9500 метраў і накіраваўся на паўночны ўсход Беларусі. У раёне Крупак і Талачына самалёт некаторы час манеўраваў, пасля чаго развярнуўся і ўзяў курс назад на Мінск.
Паводле звестак Flightradar24, паўторная пасадка ў Нацыянальным аэрапорце адбылася ў 00:07 17 лістапада — праз 1 гадзіну 14 хвілін пасля вылету.
Трэці раз самалёт адправіўся ў дарогу ўжо ў 01:27. Ва Унукава ён прыбыў каля 05:20, гэта значыць больш чым праз сем гадзін пасля першапачаткова запланаванага часу.
Чаму экіпажу давялося вярнуцца ў Мінск, афіцыйна не паведамляецца. Магчыма, пасля першай пасадкі пілоты разлічвалі працягнуць палёт у Маскву, але праз захаванне абмежаванняў у маскоўскім авіяцыйным вузле вырашылі вярнуцца на запасны аэрадром.