БЕЛ Ł РУС

У Беларусі ствараюць адзіны лічбавы рэестр аграэкасядзіб

18.11.2026 / 19:40

Nashaniva.com

У Беларусі ствараюць адзіны лічбавы рэестр аграэкасядзіб, а таксама спрашчаюць адміністрацыйныя працэдуры для іх уладальнікаў. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Дакумент набудзе моц 20 лістапада.

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацсетак

Пастанова стала працягам указа Аляксандра Лукашэнкі ад 18 жніўня 2026 года № 275 «Аб развіцці аграэкатурызму».

Галоўным новаўвядзеннем стане стварэнне Адзінага лічбавага рэестра суб’ектаў аграэкатурызму. Ён вызначыць парадак фармавання і вядзення інфармацыйнай базы, у якой будуць сабраныя звесткі пра ўсе аграэкасядзібы і паслугі, якія яны прапануюць.

На працягу месяца райвыканкамы павінны стварыць асабістыя кабінеты для ўладальнікаў дзейных аграэкасядзіб. Цяпер у Беларусі налічваецца больш за 1440 такіх аб’ектаў. Асабістыя кабінеты размесцяць на дзяржаўнай лічбавай платформе «Разумны горад (рэгіён)», распрацоўкай якой займаецца Міністэрства сувязі.

Для турыстаў рэестр будзе выконваць функцыю зручнага анлайн-каталога аграэкасядзіб. Іх уладальнікі атрымаюць дадатковую магчымасць папулярызаваць свае аб’екты, а дзяржава — інструмент для больш дакладнага аналізу стану галіны.

Таксама дакумент прадугледжвае магчымасць афармлення неабходных дакументаў праз інтэрнэт. Заяўку аб пачатку дзейнасці аграэкасядзібы або аб выкарыстанні спецыяльнага збору цяпер можна будзе падаць дыстанцыйна праз адзіны партал электронных паслуг. Пры гэтым захаваецца і магчымасць падаваць дакументы ў звыклым папяровым выглядзе ў райвыканкамы.

Акрамя таго, у пастанове вызначылі поўны пералік дакументаў, неабходных для атрымання льготнага крэдыту пад 5% гадавых. Такія пазыкі выдае «Белаграпрамбанк» на рэалізацыю праектаў у сферы аграэкатурызму. Урад разлічвае, што дакладна вызначаныя патрабаванні дазволяць уладальнікам аграэкасядзіб радзей наведваць банк і паскораць працэс афармлення крэдытаў.

У пастанове таксама зацверджаныя тыпавыя формы дамоў аб выкананні паслуг паміж аграэкасядзібамі і турыстамі або арганізацыямі, у тым ліку тураператарамі. Акрамя гэтага, вызначаны парадак прыняцця райвыканкамамі рашэнняў аб дазволе на дзейнасць у сферы аграэкатурызму і правілы працы раённых камісій, якія будуць комплексна ацэньваць дзейнасць аграэкасядзіб.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула