БЕЛ Ł РУС

Спявачка з Беларусі трапіла ў скандал у ЗША. Вінаваціць прафесара Калумбійскага ўніверсітэта ў згвалтаванні, а ён яе — у пераследзе сям'і

19.11.2026 / 00:10

Nashaniva.com

Прафесар бізнэс-школы Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку Ваўтэр Дэсэйн і яго студэнтка Эні Керман былі каханкамі. Але калі ён вырашыў вярнуцца да жонкі-кітаянкі, пачалася вайна не на жыццё, а на смерць.

Ваўтэр Дэсэйн. Тут і далей фота Daily Mail

52‑гадовы эканаміст Ваўтэр Дэсэйн, прафесар бізнэс-школы Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку, падаў у суд на 36‑гадовую Эні Керман. Іх раман працягваўся амаль два гады. Паводле іска, калі прафесар вырашыў застацца з жонкай, Керман пачала пагражаць яму, пераследаваць яго сям'ю і патрабаваць грошай. Пра гэта паведаміў Daily Mail, які атрымаў копіі судовых дакументаў.

Дэсэйн падаў іск у аўторак, 17 лістапада, у судзе акругі Вестчэстэр штата Нью-Ёрк. Праз некалькі гадзін у тым жа судзе зарэгістравалі іск ад ананімнай пазоўніцы пад імем Jane Doe. Яна сцвярджае, што ў студзені 2026 года Дэсэйн прымусіў яе да сэксу без згоды. Абодва іскі апісваюць адзін і той жа амаль двухгадовы раман.

Хто яны

Дэсэйн нарадзіўся ў Бельгіі. У Калумбійскім універсітэце ён працуе з 2008 года.

Паводле матэрыялаў справы, Керман карыстаецца таксама імёнамі Arlo Legend Parker і Abi Lorrel. Пад імем Abi Lorrel яна выступае ў Нью-Ёрку як поп-спявачка.

Эні Керман

На сваім сайце жанчына сцвярджае, што нарадзілася ў Беларусі, была тут дзіцячай зоркай, а ў 16 гадоў атрымала прэмію MTV як найлепшая новая выканаўца.

Верагодна, у Беларусі яна выступала пад імем Annie K.Fernandez. У снежні 2007 года «Музыкальная газета» пісала пра 17‑гадовую R&B-спявачку з такім імем. Яна перамагла ў намінацыі «Дэбют года» на Pre-Party MTV Russian Music Awards і хацела ўдзельнічаць у «Еўрафэсце», беларускім адборы на «Еўрабачанне», з уласнай песняй «My real home». Але правілы не дапускалі ўдзельнікаў, маладзейшых за 18 гадоў. Кіраўнік праекта Аляксандр Ціхановіч тады казаў, што, каб не ўзрост, спявачка трапіла б у паўфінал, і называў такіх артыстаў «будучыняй «Еўрабачання»».

Тады Annie K.Fernandez’ расказвала, што нарадзілася ў Брукліне, жыла там да трох гадоў, а вырасла ў Беларусі. Вучылася ў Мінскай дзяржаўнай музычнай вучэльні імя Глінкі.

Са слоў самой Керман, з 2018 года яна вывучала прыкладную матэматыку і фінансавую эканоміку ў Калумбійскім універсітэце.

Daily Mail дадае, што яна заснавала IT-кансалтынгавую кампанію і называе сябе фемінісцкай пісьменніцай.

Як усё пачыналася, паводле іска прафесара

Паводле іска Дэсэйна, яны пазнаёміліся на сайце знаёмстваў і ўпершыню павячэралі разам у лютым 2024 года.

Тады Керман назвалася Веранікай і сказала, што ёй 28 гадоў і што яна з Літвы. Яна ведала, што ён жанаты, і спачатку казала, што яе задавальняюць нерэгулярныя сустрэчы. У іску сцвярджаецца таксама, што яна адкрыта казала пра сустрэчы з іншымі мужчынамі, у тым ліку з кітайскім мільярдэрам.

З мая 2025 года прафесар плаціў за яе кватэру, побытавыя выдаткі, падарожжы і навучанне ў анлайн-магістратуры. Паводле іска, Керман патрабавала падарункаў і $6000 на месяц на ўтрыманне. Што Дэсэйн рэгулярна падтрымліваў яе грашыма, у тым ліку плаціў за навучанне.

Паводле версіі Дэсэйна, Керман гаварыла пра шлюб і дзіця і была апантаная тым, каб ён пакінуў жонку, з якой пражыў 18 гадоў, — Чжыхун Чжан, былую топ-менеджарку ў сферы прыватных інвестыцый.

Ваўтэр Дэсэйн з жонкай

Разрыў і пагрозы

У студзені 2026 года Дэсэйн расказаў жонцы пра раман, і пара вырашыла захаваць шлюб. 21 студзеня ён патэлефанаваў Керман і сказаў, што спыняе адносіны. Паводле іска, яна спачатку пагражала скончыць жыццё самагубствам, а потым пачала казаць пра тое, што «зруйнуе» яго.

«Так што, мой дарагі, для цябе гэта будзе брыдка. Самае горшае, што ты можаш сабе ўявіць», — цытуе іск словы Керман з запісу размовы. Там жа яна сказала, што ўніверсітэт, хутчэй за ўсё, атрымае ананімны ліст «пра ўсё, што адбылося», і прафесар можа страціць кар'еру.

Паводле іска, Керман пагражала расказаць 22‑гадоваму сыну пары пра падрабязнасці рамана. Калі Дэсэйн адмовіўся аднавіць адносіны, яна нібыта адправіла сыну фота, дзе яны цалуюцца, і напісала, што бацька калісьці хацеў, каб маці зрабіла аборт.

Жонцы прафесара Керман, паводле іска, дасылала абразлівыя паведамленні. Яна называла яе «кітайскай пенсіянеркай» і «значна старэйшай жанчынай на гармонах», а таксама раіла ёй зрабіць пластычную аперацыю і ўколы ботаксу, бо муж цяпер «распешчаны натуральнай маладосцю і прыгажосцю».

Скарга ва ўніверсітэт і паліцыю

У сакавіку Керман, паводле іска, паскардзілася кіраўніцтву Калумбійскага ўніверсітэта, што прафесар меў недапушчальныя адносіны са студэнткай. Да моманту знаёмства яна ўжо скончыла ўсе курсы, але фармальна лічылася студэнткай да 14 лютага 2024 года — праз два тыдні пасля першага спаткання. Паводле Дэсэйна, універсітэт закрыў справу ў адміністрацыйным парадку і не знайшоў у яго дзеяннях парушэнняў. У іску Jane Doe сцвярджаецца, што яна сказала прафесару, што здала выпускныя экзамены і хутка атрымае дыплом. Пры гэтым іск звяртае ўвагу, што ўніверсітэт забараняе выкладчыкам інтымныя адносіны са студэнтамі.

У жніўні Керман, паводле іска Дэсэйна, пачала намякаць, што частка іх сэксуальных кантактаў адбывалася без яе згоды. Пасля яна падала заяву ў паліцыю горада Нью-Рашэль. Прафесар сцвярджае, што праваахоўныя органы з ім не кантактавалі, а заява, паводле яго версіі, змяшчае ілжывыя звесткі і была пададзеная, каб атрымаць ад яго больш грошай.

Дэсэйн з жонкай з'ехалі з ЗША. Паводле іска, цяпер яны «жывуць у страху за сваю бяспеку». Пара патрабуе кампенсаваць больш за $120 тысяч выдаткаў на юрыстаў, $9000 на псіхалагічную дапамогу і $45 тысяч страчаных плацяжоў за навучанне сына.

Версія Jane Doe

У іску Jane Doe сцвярджаецца, што 12 студзеня 2026 года, перад сустрэчай у доме Дэсэйна, яна папярэдзіла яго, што не хоча сэксу, і папрасіла не прымаць лекі ад эрэктыльнай дысфункцыі. Паводле іска, абое зразумелі гэта так, што ў той вечар полавага акту не будзе. Яна пагадзілася на масаж як замену сэксу. Жанчына сцвярджае, што потым прафесар пранік у яе, хоць яна казала «Я яшчэ не гатовая» і «Спыніся, што ты робіш?», і што ён не спыніўся. Паводле іска, такія дзеянні адпавядаюць згвалтаванню трэцяй ступені паводле Крымінальнага кодэкса штата Нью-Ёрк.

21 студзеня Дэсэйн, паводле іска, раптоўна скончыў адносіны падчас відэазванка. На наступны дзень пазоўніцу шпіталізавалі ў стане «вострага псіхалагічнага крызісу». Яна паведаміла пра здарэнне ў паліцыю і ва ўніверсітэт. Jane Doe патрабуе кампенсацыі за сэксуальны гвалт, напад і наўмыснае прычыненне маральнай шкоды.

Пазіцыі бакоў

Дэсэйн у заяве праз сваіх адвакатаў з фірмы Dynamis LLP сказаў, што шкадуе пра боль і збянтэжанасць, якія раман прычыніў яго сям'і.

«Я катэгарычна адмаўляю абвінавачванні супраць мяне. Нашы адносіны былі добраахвотнымі, і я рашуча адмаўляю, што хоць адзін сэксуальны кантакт паміж намі адбываўся без згоды. Адносіны скончыліся, калі я вырашыў застацца з жонкай і сям'ёй», — заявіў ён.

Паводле яго слоў, потым пачалася «трывожная кампанія пагроз, пераследу і патрабаванняў грошай», накіраваная таксама на яго жонку і дзіця. Ён дадаў, што ў яго ёсць запісы пагроз і перапіска.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула