БЕЛ Ł РУС

Карціна Ван Гога прададзена з аўкцыёну за рэкордныя 190,4 мільёна даляраў

19.11.2026 / 08:08

Nashaniva.com

«Каштаны, што цвітуць» (Châtaigniers en fleurs) Вінцэнта Ван Гога былі прададзеныя ў сераду на аўкцыёне Sotheby's у Нью-Ёрку.

Фота: Kobei Li/Nexpher Images via Getty Images

Гэта другі паводле кошту твор мастацтва ў гісторыі аўкцыёнаў Sotheby's: рэкорд належыць «Партрэту Элізабэт Ледэрэр» Густава Клімта, які быў набыты год таму за 236,4 млн даляраў, піша Бі-бі-сі.

Самай дарагой карцінай Ван Гога дагэтуль было «Пшанічнае поле з кіпарысам» — яна была прададзеная ў 2022 годзе за 117,2 млн даляраў.

Сярод усіх найдаражэйшых твораў мастацтва, калі-небудзь афіцыйна прададзеных з аўкцыёнаў ці прыватным чынам, «Каштаны» занялі дзявятае месца.

Першае — за «Збаўцам свету», аўтарам якога лічыцца Леанарда да Вінчы і які быў прададзены расійскім мільярдэрам Дзмітрыем Рыбалоўлевым у 2017 годзе на аўкцыёне Christie's за 450 млн даляраў.

Карціну «Каштаны, што цвітуць» Вінсэнт Ван Гог напісаў у 1890 годзе ў вёсцы Авер-сюр-Уаз недалёка ад Парыжа, дзе ён правёў апошнія два месяцы жыцця.

Гэтая карціна ўваходзіла ў лік 12 выстаўленых на таргі твораў са знакамітай Калекцыі Блак'е-Ар'еты — калекцыі, сабранай цяпер памерлымі аргенцінскімі мецэнатамі Карласам Блак'е і ягонай жонкай Нэлі Ар'етай.

Перад таргамі выстава з гэтых 12 карцін была зладжаная ў Лондане, Парыжы, Тайбэі, Ганконгу і Нью-Ёрку, і яе наведалі амаль 30 тысяч чалавек.

Пры гэтым аўкцыённы дом Sotheby's толькі за некалькі гадзін да таргоў абвясціў, што продаж «Каштанаў, што цвітуць» усё ж такі можа адбыцца, паколькі ён уладзіў спрэчку паміж спадкаемцамі Блак'е і Ар'еты і спадкаемцамі Самуэля Фішэра — нямецкага яўрэя, вядомага выдаўца, які валодаў карцінай у першай палове XX стагоддзя.

Юрыст спадкаемцаў сям'і Фішэра заявіў ад іх імя, што сваякі выдаўца маглі быць вымушаныя прадаць карціну з-за пераследу з боку нацыстаў.

У лісце аўкцыённаму дому Sotheby's юрыст, паводле паведамленняў прэсы, заявіў, што спадкаемцы Фішэра прадалі карціну ў 1936 годзе ў Амстэрдаме праз тое, што іх сямейнае выдавецтва пры нацыстах панесла цяжкія фінансавыя страты.

Але ў сераду, перад самымі таргамі, Sotheby's абвясціў: «Прызнаючы складаны лёс карціны ў часы нацыстаў і пакуты, перанесеныя сям'ёй Фішэраў падчас Халакосту, дзве сям'і прыйшлі да ўзаемаздавальняючага рашэння, і гэтая праца будзе прададзеная ў адпаведнасці з іх пагадненнем».

Пасля 1936 года і да Блак'е-Ар'еты ў «Каштанаў» было яшчэ пяць уладальнікаў. Блак'е і Ар'ета набылі карціну ў 1975 годзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула