БЕЛ Ł РУС

Кавалер збег са спаткання, не заплаціўшы за вячэру. Ці павінна дзяўчына аплачваць увесь рахунак?

19.11.2026 / 09:05

Nashaniva.com

Першае спатканне ў мінскім кафэ скончылася нечакана: пасля вячэры малады чалавек выйшаў пакурыць і не вярнуўся. Афіцыянт заявіў дзяўчыне, што цяпер яна павінна заплаціць за абаіх.

Фота: vecteezy.com

Чытачка «Аргументаў і фактаў у Беларусі» расказала, што папрасіла прынесці рахунак толькі за замоўленыя ёю стравы. Аднак пасля размовы з кіраўніцтвам афіцыянт запатрабаваў аплаціць увесь чэк.

У Рэгіянальным таварыстве абароны спажыўцоў патлумачылі, што такое патрабаванне незаконнае.

І дзяўчына, і яе спадарожнік з'яўляліся асобнымі пакупнікамі, таму кожны павінен плаціць за ўласную замову. Агульны рахунак на столік не робіць аднаго наведніка адказным за тое, што замовіў другі.

У такой сітуацыі можна папрасіць афіцыянта падзяліць рахунак. Калі ўзнікне спрэчка, хто якія стравы замаўляў, супрацоўнікі кафэ могуць прагледзець запісы з камер відэаназірання.

Дзяўчына таксама можа перадаць установе вядомыя ёй звесткі пра мужчыну — імя, адрас і нумар тэлефона, каб з яго запатрабавалі аплату.

Згодна з артыкулам 456 Грамадзянскага кодэкса, пакупнік абавязаны аплаціць тавар да або пасля яго перадачы. Калі наведнік збег і не заплаціў, кафэ можа спагнаць з яго кошт замовы праз суд.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула