БЕЛ Ł РУС

Уладзімір Мацкевіч: Пенсіі ў Літве ў мяне няма

19.11.2026 / 09:22

Nashaniva.com

Як выжывае 70‑гадовы філосаф?

Скрыншот відэа «Белсат»

У інтэрв’ю праекту Глафіры Жук «Мне толькі спытаць» на «Белсаце» філосаф і грамадскі дзеяч, 70‑гадовы Уладзімір Мацкевіч расказаў, што пенсіі ў Літве не атрымлівае.

«Няма ў мяне пенсіі. Цяпер я напісаў ліст у «Содру» [аналаг беларускага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў Літве — НН], каб яны выдрапалі маю пенсію з Беларусі, бо я яе не атрымоўваю ўвесь гэты час. Мне прыходзіла нейкая частка гэтай пенсіі на рахунак у турме, якім я не мог скарыстацца. Гэтыя грошы, якія там былі, мне ніхто не вярнуў Хаця пры вызваленні людзям звычайна вяртаюць. Мне — не. Ну так, гэта было б нейкае падмацаванне майго жыцця».

«На якія грошы вы жывяце?» — спытала Глафіра Жук.

«У мяне ёсць некалькі [крыніц], — адказаў філосаф. — Па-першае, былі грошы назапашаныя. У мяне быў зарэгістраваны ў Літве фонд «Лятучага ўніверсітэту», на ім былі. Незадоўга да 2020 года я паклаў на яго асабістыя грошы, яны там захоўваліся. Другое, увесь ганарар за «Белсат» [Уладзімір Мацкевіч да 2020 года вёў на тэлеканале аўтарскую праграму — НН] я прасіў пералічваць на рахунак дачкі, якая жыла ў Польшчы. Яна завяла там картку, і на яе капалі грошы, я імі не карыстаўся».

Скрыншот відэа «Белсат»

«Калі я сядзеў у турме, мне прысудзілі нейкую прэмію ад ПЭЦ-цэнтра і мне яе далі ў некалькі траншаў. Гэта былі дастатковыя грошы на некалькі месяцаў. Потым. Мне не прыйшлося плаціць за жыллё амаль год. Мне сябры далі магчымасць жыць у іх двухпакаёвай кватэры, за якую я нават камуналку не плаціў, яны мне дапамагалі. Потым быў ганарар за кніжку. Ну вось нейкія такія разавыя заробкі пакуль няма сталага, так што», — аптымістычна завяршыў адказ на пытанне філосаф.

***

Уладзімір Мацкевіч правёў за кратамі чатыры гады з 4 жніўня 2021 па 11 верасня 2025 года.

Ён быў асуджаны на пяць гадоў па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за «Марш Народнага ўльтыматуму», стварэнне экстрэмісцкага фармавання за платформу «Сход», а таксама ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) за відэазапіс на YouTube-канале.

11 верасня 2025 года ён быў вызвалены ў рамках вызвалення групы палітвязняў і вывезены ў Літву. Жыве ў Вільні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула