Пашынян заявіў пра гатоўнасць пайсці ў адстаўку пасля падпісання і ратыфікацыі мірнага пагаднення з Азербайджанам
«Я буду лічыць сваю місію выкананай», — сказаў прэм'ер Арменіі.
Нікол Пашынян, фота Вячаслава Пракоф'ева, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Нікол Пашынян заявіў пра гатоўнасць пайсці ў адстаўку пасля падпісання і ратыфікацыі мірнага пагаднення з Азербайджанам. Пра гэта прэм'ер-міністр Арменіі паведаміў падчас урадавай гадзіны ў парламенце, перадае «Арменпрэс».
«Я буду лічыць сваю місію выкананай пасля падпісання і ратыфікацыі мірнага пагаднення, усталявання фундаментальнага інстытуцыйнага міру. І я сыду ў абодвух выпадках», — сказаў ён.
Прэм'ер патлумачыў, што гатовы пакінуць пасаду і ў тым выпадку, калі грамадзяне Арменіі на рэферэндуме прагаласуюць супраць прыняцця новай Канстытуцыі. Паводле яго слоў, рашэнне адносна далейшых палітычных працэсаў застанецца за грамадзянамі краіны.
«Ідзём на рэферэндум. Народ не галасуе — я сыходжу. Здаюся. Прапаную. Адмаўляецеся?»—звярнуўся ён да дэпутатаў Нацыянальнага сходу.
Пашынян падкрэсліў, што ў любым выпадку не мае намеру сыходзіць з пасады да падпісання мірнай дамовы з Азербайджанам. Паводле яго слоў, канчатковай перашкодай на шляху да міру з'яўляецца апазіцыя.
Пашынян таксама заявіў, што існуюць гарантыі падпісання і ратыфікацыі мірнага пагаднення з Азербайджанам пасля прыняцця новай Канстытуцыі.
Нікол Пашынян кіруе Арменіяй з 2018 года. Сёлета ён выйграў парламенцкія выбары.
У 2022 годзе Арменія атрымала паразу ў Другой Карабахскай вайне. У 2023 годзе Пашынян і прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў падпісалі мірную дэкларацыю, якая замацавала адмову ад тэрытарыяльных прэтэнзій, і ўсе армяне пакінулі Нагорны Карабах.