Бяляцкі: На чарговым сходзе «Вясны» складу з сябе паўнамоцтвы
Праваабаронца расказаў, што ў неўзабаве збіраецца пакінуць кіраванне праваабарончай арганізацыяй, якую ўзначальваў 30 гадоў.
Алесь Бяляцкі
Пару тыдняў таму нобелеўскі лаўрэат у інтэрв'ю Deutsche Welle заявіў, што збіраецца пакінуць кіраўніцтва праваабарончым цэнтрам «Вясна». На кракаўскім фестывалі «Культура ў выгнанні» Беларуская служба Польскага радыё спытала ў праваабаронцы, чаму ён вырашыў перадаць кіраўніцтва «Вясной» і што могуць зрабіць для Беларусі тыя, каго вымусілі з’ехаць.
«Я ж не абвяшчаў, што сыходжу з «Вясны». Я яшчэ застаюся старшынёй праваабарончага цэнтра «Вясна», але на чарговым сходзе складу з сябе паўнамоцтвы. Больш за 30 гадоў я ўжо старшыня. І хоць частку гэтага часу я правёў у турме і не мог выконваць старшынёўскія абавязкі, маральная адказнасць усё роўна заставалася за мной.
Усяму свой час. Вырасла новае пакаленне праваабаронцаў. Гэта мае найлепшыя сябры, з якімі я працаваў не адзін год. Ёсць дастаткова шмат дасведчаных праваабаронцаў, якія змогуць павесці арганізацыю далей. А я застаюся ў «Вясне». Можа быць, як сябра рады, а можа, проста як сябра арганізацыі. Гэта ўжо не так істотна», — сказаў Алесь Бяляцкі.
Ён кажа, што адчувае маральную адказнасць за тое, каб арганізацыя і далей ішла да стратэгічных мэт, якія вызначылі за гэты час, і працягвала праграмы, якія цяпер паспяхова вядзе на карысць усёй Беларусі і ўсёй грамадзянскай супольнасці.
«Не толькі на карысць тых, хто з’ехаў, але і на карысць той Беларусі, якая цяпер у самой Беларусі. «Вясна» адыгрывае ўнікальную, важную ролю ў беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэта частка і беларускага, і міжнароднага праваабарончага руху. Таму я з «Вясной», і «Вясна» са мной. Іншая справа, што як нобелеўскі лаўрэат я цяпер працую не толькі дзеля Беларусі і клапачуся не толькі пра яе. Да мяне звяртаюцца і калегі-праваабаронцы, і былыя палітвязні з усяго свету. Я сам быў палітвязнем, таму цяпер маю поўнае права быць голасам палітвязняў усіх таталітарных і аўтарытарных рэжымаў ва ўсім свеце. Гэтым і буду займацца найбліжэйшым часам.
Плюс пытанне міратворчасці. Зноў жа, гэтае пытанне шырэйшае за Беларусь. Што да вайны і тэрору, якія Расія цяпер вядзе супраць Украіны, я буду прыкладаць усе магчымыя намаганні, каб людзі не стамляліся ад гэтай сітуацыі і працягвалі супраціўляцца аўтарытарызму і таталітарызму, якія цяпер спрабуюць сілай зброі зламаць Украіну.
Яшчэ адно пытанне — салідарнасць грамадскіх арганізацый, як беларускіх, так і іншых дэмакратычных няўрадавых арганізацый. Праблемы Беларусі шмат у чым тыповыя. Яны не ўнікальныя, я б сказаў. Тое самае адбываецца ў Азербайджане, у Расіі, у Кыргызстане, у Грузіі. Мы бачым, як у Грузіі пачалі згортваць дэмакратычныя правы, якіх дабіўся грузінскі народ. Салідарнасцю ў супраціве таталітарызму ў шырэйшым маштабе я таксама буду цяпер вельмі актыўна займацца. Таму што я нобелеўскі лаўрэат і попыт з мяне большы, чым са звычайнага чалавека», — сказаў Алесь Бяляцкі.