БЕЛ Ł РУС

Сі Дзіньпін заклікаў цалкам забараніць у свеце і знішчыць ядзерную зброю

19.11.2026 / 12:32

Nashaniva.com

Кіраўнік Кітая Сі Дзіньпін назваў ядзерную зброю «дамоклавым мячом, які вісіць над чалавецтвам», і заявіў, што свет павінен цалкам ад яе адмовіцца. Пра гэта ён сказаў 19 лістапада на трохбаковай сустрэчы з Дональдам Трампам і Уладзімірам Пуціным у Шэньджэні, паведамляе кітайскае дзяржаўнае агенцтва «Сіньхуа».

Сі Дзіньпін. Фота: Win McNamee / Getty Images

«Ядзерная зброя — гэта дамоклаў меч, які вісіць над чалавецтвам. Яе трэба цалкам забараніць і цалкам знішчыць, каб у выніку стварыць свет без ядзернай зброі. Ядзерную вайну немагчыма выйграць, і яе нельга весці», — заявіў Сі Дзіньпін.

Ён заклікаў прыкласці ўсе намаганні для прадухілення ядзернай вайны, выконваць дамову аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі і падтрымліваць глабальную стратэгічную стабільнасць.

Кіраўнік Кітая даў свае прапановы наконт адносін паміж вялікімі дзяржавамі. Ён назваў чатыры асноўныя прынцыпы: узаемную павагу, мірнае суіснаванне, узаемавыгаднае супрацоўніцтва і дыялог.

«Кітай, Расія і ЗША павінны быць партнёрамі і сябрамі, не ўступаць у канфлікты і канфрантацыю», — сказаў ён.

Сі Дзіньпін таксама заклікаў паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржаў, не ўмешвацца ва ўнутраныя справы адно аднаго. У эканоміцы ён прапанаваў пашыраць супрацоўніцтва і захоўваць ланцужкі паставак, асабліва ў энергетыцы.

Для прадухілення канфліктаў кітайскі кіраўнік прапанаваў рэгулярныя кантакты паміж лідарамі.

Паводле яго, тры краіны павінны садзейнічаць таму, каб бакі канфліктаў сядалі за стол перамоў і вырашалі спрэчкі дыпламатычным шляхам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула