БЕЛ Ł РУС

Ці шкодна глядзець відэа на падвоенай хуткасці

23.11.2026 / 06:00

Ідаля Салавей

Усё больш людзей глядзяць відэа на падвоенай хуткасці, каб зэканоміць час. Але ці паспявае мозг засвойваць інфармацыю ў такім тэмпе і ці не шкодзіць гэта памяці і ўвазе? Адказ шукалі журналісты Time.

Здымак ілюстрацыйны

Гадзінную лекцыю можна паглядзець за паўгадзіны, а доўгае інтэрв'ю — за чвэрць гадзіны. Для гэтага дастаткова павялічыць хуткасць прайгравання. Асабліва папулярная такая звычка сярод студэнтаў: паводле даследавання 2021 года, 85% са 123 апытаных прызналіся, што глядзяць запісы лекцый у паскораным рэжыме».

Але ці сапраўды так можна эканоміць час без страты якасці засваення інфармацыі? У 2025 годзе даследчыкі абагульнілі вынікі 24 навуковых прац, у якіх вывучалася, наколькі добра людзі запамінаюць інфармацыю з паскораных відэалекцый.

Аказалася, што пры хуткасці 1,5x вынікі наступных тэстаў амаль не пагаршаліся. Але пры падвоенай хуткасці ўжо назіралася прыкметнае зніжэнне здольнасці запамінаць матэрыял, а пры 2,5x вынікі тэстаў у сярэднім былі прыкладна на 17% горшыя.

Пры гэтым праблема не столькі ў хуткасці маўлення, колькі ў магчымасцях памяці. Як тлумачыць даследчык працэсаў пазнання Маркус Пірс з Лонданскага ўніверсітэта каралевы Марыі, у звычайнай размове людзі вымаўляюць каля 150—200 слоў за хвіліну, але мозг здольны разумець і ўдвая хутчэйшае маўленне.

Гэтую здольнасць можна трэніраваць: напрыклад, адзін з невідушчых калег Пірса слухаў электронныя лісты, якія праграма агучвала з хуткасцю 400—500 слоў за хвіліну. Для непадрыхтаванага чалавека гэта гучала б як неразборлівы паток гукаў, але ён выдатна ўсё разумеў.

Аднак зразумець пачутае і надоўга яго запомніць — розныя задачы. Каб новая інфармацыя замацавалася ў памяці, мозг павінен апрацаваць яе, супаставіць з ужо вядомымі звесткамі і перадаць на доўгатэрміновае захоўванне. У гэтым удзельнічае так званая аператыўная ці рабочая памяць, магчымасці якой абмежаваныя. Калі інфармацыя паступае занадта хутка, яна можа перагружацца, і частка пачутага не засвойваецца.

Як глядзець хутчэй і не губляць інфармацыю

Але абмежаванні рабочай памяці не азначаюць, што паскораны прагляд абавязкова перашкаджае засваенню інфармацыі. Важна і тое, як яна падаецца. Калі тлумачэнне суправаджаецца слайдамі, схемамі або ілюстрацыямі, запамінаць матэрыял можа быць лягчэй нават на падвоенай хуткасці.

Гэта пацвердзілі даследаванні псіхалагіні Эшлі Чэн з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Лос-Анджэлесе. У яе эксперыментах удзельнікі, якія не толькі слухалі навучальны матэрыял, але і бачылі адпаведныя выявы, значна лепш справіліся з наступнымі тэстамі, чым тыя, хто атрымліваў інфармацыю выключна на слых.

Пры гэтым сярод удзельнікаў, якія атрымлівалі інфармацыю адначасова праз зрок і слых, не выявілі істотнай розніцы паміж тымі, хто глядзеў матэрыял на звычайнай хуткасці, і тымі, хто глядзеў яго на хуткасці 2x.

Дапамагае і канспектаванне. У іншым даследаванні Чэн і яе калегі выявілі, што людзі, якія рабілі нататкі падчас прагляду відэа на падвоенай хуткасці, пасля лепш адказвалі на пытанні, чым тыя, хто глядзеў на звычайнай хуткасці, але нічога не запісваў.

Больш за тое, у паскоранага прагляду можа быць і нечаканая перавага: ён дапамагае ўтрымліваць увагу. Даследаванне Дылана Мёрфі, калегі Чэн, паказала, што пры больш хуткім прайграванні лекцый удзельнікі радзей адцягваліся на староннія думкі. Магчыма, гэта звязана з тым, што больш інтэнсіўны паток інфармацыі патрабуе пастаяннай канцэнтрацыі і пакідае менш магчымасцяў думаць пра нешта іншае.

Але ці не мае такая звычка адваротнага боку? Эшлі Чэн дапускае, што пастаяннае ўспрыманне інфармацыі ў паскораным тэмпе можа патрабаваць большых разумовых намаганняў і ўскладняць канцэнтрацыю падчас павольных заняткаў. Аднак, як падкрэслівае Маркус Пірс, доўгатэрміновыя наступствы паскоранага прагляду пакуль мала даследаваныя. Гэтае пытанне становіцца ўсё больш актуальным, бо людзі пачынаюць карыстацца такой магчымасцю ва ўсё маладзейшым узросце.

Чытайце таксама:

Навукоўцы ў шоку ад вынікаў даследаванняў інтэлекту пакалення Z

Новае даследаванне паказвае, што лжывыя ўспаміны могуць сфармавацца за лічаныя секунды

Як не пераесці інфармацыі? Разважае псіхолаг

Каментары да артыкула