БЕЛ Ł РУС

«А што дрэннага было ў Ялце?» Пуціна спыталі пра «новую Ялту»

19.11.2026 / 15:32

Nashaniva.com

«У Ялце ніхто не дзяліў свет. Ялта проста зафіксавала рэаліі».

Уладзімір Пуцін. Фота: Han Guan / China Pool / Getty Images

Уладзімір Пуцін пракаментаваў параўнанне яго сустрэчы з Дональдам Трампам і Сі Дзіньпінам з «новай Ялтай». На прэс-канферэнцыі ў Кітаі ён заявіў, што ў 1945 годзе вялікія дзяржавы не дзялілі свет на сферы ўплыву, а толькі «зафіксавалі рэаліі». Паводле яго, з рэаліямі давядзецца пагадзіцца і цяпер.

Пуціна спыталі, ці падобная цяперашняя сустрэча трох лідараў да новай Ялцінскай канферэнцыі.

«Што тычыцца новай Ялты, вы ведаеце… А што дрэннага было ў Ялце? Ну і што было дрэннага?» — адказаў ён.

Паводле Пуціна, там «зафіксавалі перамогу над нацызмам». Ён дадаў, што цяпер лічыць правільным «зафіксаваць перамогу над неанацызмам», згадаўшы неабходнасць выкаранення «ксенафобіі, русафобіі і іншых фобій», а таксама, па яго словах, усяго звязанага з калабарацыянізмам і супрацоўніцтвам з Гітлерам падчас Другой сусветнай вайны.

Пуцін адкінуў разуменне той Ялты як падзелу свету.

«У Ялце ніхто не дзяліў свет. Хачу гэта падкрэсліць і хачу, каб усім было зразумела. У Ялце не было падзелу свету на зоны ўплыву. Ялта проста зафіксавала рэаліі, якія склаліся пасля Другой сусветнай вайны», — заявіў ён.

Напрыканцы Пуцін перанёс гэтую логіку на цяперашнюю сітуацыю, сказаўшы, што і сёння давядзецца «пагадзіцца з рэаліямі». Якія канкрэтна рэаліі ён мае на ўвазе, у гэтым адказе ён не ўдакладніў.

Ялцінская канферэнцыя адбылася ў лютым 1945 года, яшчэ да заканчэння Другой сусветнай вайны. Іосіф Сталін, Франклін Рузвельт і Уінстан Чэрчыль абмяркоўвалі пасляваеннае ўладкаванне Еўропы.

Сустрэчу Пуціна, Трампа і Сі Дзіньпіна параўноўваюць з «новай Ялтай» праз асцярогі, што вялікія дзяржавы могуць дамаўляцца пра лёс іншых краін без іх удзелу. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула