БЕЛ Ł РУС

За паўстагоддзя харчовая піраміда перавярнулася з ног на галаву. Раней раілі есці больш хлеба, а цяпер — мяса

22.11.2026 / 06:00

Ідаля Салавей

Прычым на рэкамендацыі ўплывалі не толькі навуковыя адкрыцці.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Yuliya Furman / Vecteezy

Гісторыя харчовай піраміды пачалася ў Швецыі ў 1974 годзе. Тады на фоне росту цэн на прадукты перад спецыялістамі паўстала задача растлумачыць людзям, як харчавацца паўнавартасна і пры гэтым не траціць зашмат грошай.

У адрозненне ад ранейшых кругавых дыяграм, дзе ўсе групы прадуктаў займалі аднолькавае месца, піраміда паказвала іх прапорцыі. У яе шырокай аснове размясцілі даступныя па цане хлеб, крупы, бульбу, малако, сыр і кулінарныя тлушчы. Вышэй знаходзіліся садавіна і гародніна, а на вяршыні — мяса, рыба і яйкі.

Такая схема ўлічвала патрэбы чалавека ў пажыўных рэчывах, кошт прадуктаў і зручнасць выкарыстання парад у паўсядзённым жыцці. Аднак яна не была заснаваная на непасрэдных доказах таго, што менавіта такі рацыён зніжае рызыку захворванняў, расказвае The Conversation.

Шведская харчовая піраміда апублікаваная на развароце часопіса Vi № 36 у 1974 годзе з просьбай: «Вырвіце харчовую піраміду на наступнай старонцы, гэта дапаможа вам правільна харчавацца». Фота: vi.se

Як вытворцы мяса і малака паўплывалі на піраміду

У ЗША распрацоўка ўласнай харчовай піраміды сутыкнулася з супрацівам вытворцаў прадуктаў. У красавіку 1991 года Міністэрства сельскай гаспадаркі нават адклала яе публікацыю пасля пратэстаў прадстаўнікоў мясной і малочнай прамысловасці. Тыя былі незадаволеныя тым, што іх прадукты апынуліся ў верхняй частцы піраміды, дзе размяшчалася ежа, якую рэкамендавалася ўжываць у меншай колькасці.

Афіцыйна ведамства патлумачыла затрымку неабходнасцю дадаткова праверыць, наколькі схема зразумелая спажыўцам. Распрацоўшчыкі разглядалі розныя варыянты падачы рэкамендацый, у тым ліку ў выглядзе кошыка для закупаў, кола і нават сцэны пікніка. Урэшце ў 1992 годзе амерыканцы атрымалі сваю харчовую піраміду.

Харчовая піраміда, прадстаўленая Міністэрствам сельскай гаспадаркі ЗША ў 1992 годзе. Яе аснову складалі хлеб, крупы, рыс і макароны, якіх рэкамендавалася з'ядаць ад 6 да 11 порцый штодня. Крыніца: Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША (USDA)

Яе аснову складалі хлеб, крупы, рыс і макарона. Рэкамендавалася з'ядаць ад 6 да 11 порцый такіх прадуктаў штодня. Праўда, порцыя была значна меншай, чым многія могуць уявіць: напрыклад, адзін кавалак хлеба або каля 70 грамаў звараных макаронаў. Пры гэтым верхняя мяжа прызначалася людзям з большай патрэбай у калорыях, а не ўсім без выключэння.

Аднак у гэтай піраміды былі істотныя недахопы. Яна не паказвала выразнай розніцы паміж цэльназерневымі прадуктамі і вырабамі з рафінаванай мукі. Раслінныя алеі таксама апынуліся ў адной катэгорыі з іншымі тлушчамі і прысмакамі, хоць іх уплыў на здароўе адрозніваецца. У падрабязных рэкамендацыях гэтыя нюансы тлумачыліся, але на самой пірамідзе былі незаўважныя.

У 2005 годзе амерыканскія ўлады паспрабавалі ўдасканаліць схему: замест гарызантальных узроўняў з'явіліся каляровыя вертыкальныя палосы, а побач — фігурка чалавека, які падымаецца па лесвіцы, сімвалізуючы важнасць фізічнай актыўнасці. Але без дадатковых тлумачэнняў такая піраміда стала яшчэ менш зразумелай.

Ад піраміды да талеркі

Пакуль у ЗША спрабавалі ўдасканаліць піраміду, у іншых краінах ужо выкарыстоўвалі больш наглядны падыход — мадэль талеркі. Яна паказвала не сутачныя нормы спажывання розных прадуктаў, а тое, як павінна выглядаць ежа падчас звычайнага прыёму.

Такую мадэль у Швецыі распрацавалі яшчэ ў канцы 1970‑х гадоў. Талерку падзялілі на тры часткі для гародніны, крухмалістых прадуктаў і крыніц бялку. У 2016 годзе яе абнавілі, уключыўшы раслінныя крыніцы бялку, напрыклад фасолю і тофу. Сёння існуюць тры варыянты шведскай талеркі: для фізічна актыўных людзей, для тых, хто рухаецца менш і мае патрэбу ў меншай колькасці калорый, а таксама для пажылых людзей са слабым апетытам.

У ЗША ад піраміды адмовіліся ў 2011 годзе на карысць праграмы MyPlate. Паводле яе, палову талеркі павінны займаць садавіна і гародніна, астатнюю частку — збожжавыя і бялковыя прадукты, а малочныя прадукты размяшчаюцца асобна. Падобную мадэль у 2019 годзе прадставіла Канада, таксама зрабіўшы акцэнт на гародніне, садавіне, цэльназерневых прадуктах і разнастайных крыніцах бялку.

Некаторыя спецыялісты прапанавалі глядзець на харчаванне яшчэ шырэй. Напрыклад, міжземнаморская піраміда 2011 года ўключыла не толькі прадукты, але і сумесныя прыёмы ежы, гатаванне, фізічную актыўнасць і адпачынак. Іншыя краіны таксама распрацавалі ўласныя схемы з улікам мясцовых харчовых традыцый.

Чаму піраміду перавярнулі

Аднак у студзені 2026 года амерыканскія ўлады зноў прадставілі харчовую піраміду, на гэты раз перавернутую. Прыкметнае месца ў ёй занялі чырвонае мяса, тлустыя малочныя прадукты ды іншыя крыніцы бялку, а цэльназерневым прадуктам адвялі менш месца.

Перавернутая харчовая піраміда, прадстаўленая ў ЗША ў студзені 2026 года. Цяпер у яе шырокай верхняй частцы размешчаныя мяса, малочныя прадукты, гародніна і садавіна, а цэльназерневыя прадукты апынуліся ўнізе. Крыніца: Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША (USDA)

Новыя рэкамендацыі выклікалі крытыку часткі навукоўцаў. Асаблівую занепакоенасць выклікаў акцэнт на ялавічыне, масле і іншых крыніцах насычаных тлушчаў. Спецыялісты ў галіне кардыялогіі нагадалі пра даследаванні, якія сведчаць, што замена такіх тлушчаў ненасычанымі, у тым ліку вадкімі расліннымі алеямі, карысная для здароўя сэрца.

Пытанні ўзніклі і да навуковага абгрунтавання новых рэкамендацый. Крытыкі сцвярджалі, што амерыканскія ўлады не ў поўнай меры ўлічылі высновы незалежнага экспертнага камітэта, а сама працэдура ацэнкі навуковых даных была недастаткова празрыстай.

На гэтым фоне міжнародная група даследчыкаў пад кіраўніцтвам навукоўцаў з амерыканскага Універсітэта Брыгама Янга прапанавала зусім іншую харчовую піраміду. Яе апісанне апублікавалі ў часопісе Advances in Nutrition.

У новай схеме галоўнае месца займаюць гародніна, садавіна, цэльназерневыя прадукты, фасоля, сачавіца, арэхі і алеі. Прадукты жывёльнага паходжання таксама дапускаюцца, але ў меншай колькасці, прычым рыбе і птушцы аддаецца перавага перад чырвоным і перапрацаваным мясам.

Альтэрнатыўная харчовая піраміда, прапанаваная міжнароднай групай навукоўцаў у 2026 годзе. Крыніца: Advances in Nutrition

Пры распрацоўцы новай піраміды навукоўцы ўлічвалі не толькі ўплыў прадуктаў на здароўе, але і экалагічныя наступствы іх вытворчасці. Мадэль разлічаная на розныя харчовыя традыцыі, у тым ліку вегетарыянства. Аўтары паведамілі, што даследаванне не мела асобнага фінансавання, хоць некаторыя з іх адзначылі фінансавыя сувязі з вытворцамі прадуктаў.

Новая піраміда пакуль не стала афіцыйнай асновай харчовых рэкамендацый ніводнай краіны. Да таго ж даследчыкі яшчэ не правяралі, ці сапраўды людзі лепш разумеюць гэтую схему і ці лягчэй ім прытрымлівацца яе ў паўсядзённым жыцці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула