У Вільні пакажуць раструшчаны сілавікамі бюст Івана Луцкевіча. Да 120‑годдзя «НН» Беларускі музей адкрывае выставу з унікальнымі экспанатамі
Музей сабраў артэфакты «НН» як пачатку ХХ, так і 1990‑х ды ХХІ стагоддзя — і смешныя, і страшныя.
⠀
23 лістапада ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча адбудзецца адкрыццё выставы «Голас стагоддзя. 120 гадоў «Нашай Ніве».
Адным з цэнтральных экспанатаў будзе рэстаўраваны бюст заснавальніка выдання, Івана Луцкевіча, які стаяў у Рэдакцыі ў Мінску. 8 ліпеня 2021 года, у дзень арышту рэдактараў выдання, пры канцы ператрусу адзін з ГУБАЗіКаў ляснуў яго аб падлогу. А на рэдакцыйнай дошцы напісаў: «Наша Ніва RIP». Яны меркавалі, што забілі выданне, што яно не адродзіцца.
Упершыню будзе выстаўлены і партрэт Антона Луцкевіча працы Пётры Сергіевіча з сямейнай калекцыі.
Дату адкрыцця выбралі невыпадкова. Менавіта 23 лістапада 1906 года (паводле новага стылю) выйшаў першы нумар «Нашай Нівы». «Першая беларуская газета з рысункамі» стала — і застаецца — найважнейшай пляцоўкай для развіцця беларускай мовы.
Пачалося ўсё з папяровай газеты накладам некалькі тысяч асобнікаў. Цяпер выданне, насуперак рэпрэсіям, вырасла ў найбольшае беларускае медыя, якое працуе на інтэрнэт-сайце, у ТГ, Ютубе, Тыктоку, Інстаграме, Фэйсбуку і Трэдсах адначасова.
«Наша Ніва» адыграла выключную ролю ў фармаванні беларускай нацыянальнай свядомасці, культуры — «у пошуках беларускага «мы», як сфармулявалася арганізатары выставы.
Для англамоўных і літоўскамоўных наведвальнікаў падрыхтаваныя асобныя інфармацыйныя матэрыялы.⠀
Адкрыццё выставы: 23 лістапада (панядзелак), 18:30.
Месца: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, вул. Віленская (Vilniaus g. 20, Вільня).
Чытайце таксама:
Новы вобраз Міхалка. Як прайшоў канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» ў Берліне
У Малдове адмянілі канцэрт беларускага музыкі ДзіДзюЛі пасля зваротаў украінскіх дыпламатаў