БЕЛ Ł РУС

Mark Formelle аб'явіў пра маштабны рэбрэндынг

19.11.2026 / 19:35

Nashaniva.com

Беларускі вытворца трыкатажнага адзення Mark Formelle правёў рэбрэндынг. Кампанія прадставіла абноўлены лагатып і новую візуальную канцэпцыю, у аснове якой — шматслойнасць, эксперыменты з вобразамі і свабода самавыяўлення, піша Office Life.

Фота: Mark Formelle

У лагатыпе захаваўся звыклы квадрат, але шрыфт зрабілі больш сучасным і футурыстычным. Яго плануюць выкарыстоўваць у лічбавых прасторах і пры афармленні фірмовых гандлёвых пунктаў.

Акрамя таго, кампанія стварыла ўласнага маскота па імені Мафік. У будучыні ён разам з фірмовай тыпаграфікай будзе з'яўляцца на прынтах адзення.

Новая канцэпцыя атрымала назву Multiply Fashion. Яна прадугледжвае спалучэнне розных прадметаў гардэроба, фактур, колераў і сілуэтаў, каб людзі маглі эксперыментаваць з уласным стылем і ствараць індывідуальныя вобразы.

Калаж: Office Life

У аснову новай графікі брэнда паклалі эстэтыку рызаграфіі — тэхналогіі друку, пры якой выява фармуецца шляхам паслядоўнага накладання каляровых слаёў.

Змены закранулі і фірмовы колер кампаніі — маджэнту. Яго захавалі, але перагледзелі адценні і спосабы выкарыстання. У новай палітры з'явіліся больш светлыя і мяккія варыянты гэтага колеру. У кампаніі лічаць, што гэта дазволіць лепш спалучаць яго з іншымі каляровымі акцэнтамі, захаваўшы сувязь з ранейшым стылем брэнда.

Фота: Mark Formelle

Рэбрэндынг закране і фірмовыя крамы. Іх афармленне перагледзяць з улікам новай графікі: змены адбудуцца ў вітрынах, навігацыі і элементах інтэр'ера.

Таксама кампанія зменіць падыход да фотаздымкаў. Выявы стануць больш лаканічнымі, а мадэлі і адзенне будуць выразней вылучацца на фоне графічных элементаў.

Брэнд Mark Formelle быў заснаваны ў 2009 годзе. Цяпер ён аб'ядноўвае ўласную вытворчасць і рознічны гандаль. Кампанія мае 24 фабрыкі і каля 330 фірмовых крам у чатырох краінах: Беларусі, Расіі, Казахстане і Узбекістане. Акрамя таго, яна супрацоўнічае з буйнымі інтэрнэт-маркетплэйсамі.

Паводле звестак Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, правы на зарэгістраваныя ў Беларусі таварныя знакі Mark Formelle належаць Святлане Сіпаравай, адной з сузаснавальніц кампаніі.

У 2022 годзе таварны знак Mark Formelle быў прызнаны ў Беларусі агульнавядомым для 25‑га класа тавараў. Да яго належаць, у прыватнасці, футболкі, майкі, ніжняя бялізна, калготкі, купальнікі і шкарпэткі.

Чытайце таксама:

Mark Formelle выпусціў калекцыю адзення з прынтамі каналізацыйных люкаў

Mark Formelle упершыню выпусціў калекцыю plus size. Што па цэнах

Натоўп школьнікаў сабраўся пад крамай Mark Formelle — брэнд выпусціў лімітаваную калекцыю з шалёна папулярным спеваком з Баранавічаў

Mark Formelle выпусціў калекцыю з культавымі будынкамі Беларусі

Каментары да артыкула