Еўрапейскім грузаперавозчыкам дазволілі ездзіць па тэрыторыі Беларусі. Але толькі пры пэўных умовах
У Беларусі змякчылі абмежаванні для аўтамабільных грузаперавозчыкаў з краін Еўрасаюза. З 1 снежня 2026 года еўрапейскім грузавікам у асобных выпадках дазволяць перамяшчацца па тэрыторыі краіны без перачэпкі або перагрузкі тавараў. Гэта прадугледжана пастановай урада.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Новыя правілы тычацца перавозкі дыпламатычных грузаў, тавараў для афіцыйнага выкарыстання прадстаўніцтвамі міжнародных арганізацый, а таксама радыеізатопнай прадукцыі.
Акрамя таго, дазваляецца перамяшчэнне па Беларусі пустых грузавікоў, якія едуць пад загрузку радыеізатопнай прадукцыяй або шматразовай тарай, прызначанай для яе перавозкі.
Урад таксама абнавіў пералік спецыяльна вызначаных месцаў, дзе можна ажыццяўляць перагрузку тавараў і перачэпку прычэпаў.
Абмежаванні на ўезд у Беларусь грузавікоў і цягачоў, зарэгістраваных у краінах Еўрасаюза, дзейнічаюць з 16 красавіка 2022 года. Да гэтага часу еўрапейскія перавозчыкі маглі перамяшчацца толькі праз вызначаныя пункты пропуску да спецыяльных пляцовак для перагрузкі і перачэпкі, а таксама запраўляцца на асобных аўтазапраўках.
Беларусь увяла гэтыя меры ў адказ на санкцыі Еўрасаюза, якія, за рэдкімі выключэннямі, забаранілі ўезд у ЕС грузавікам, зарэгістраваным у Беларусі.
Чытайце таксама:
Казахстан дазволіў перавозчыкам з краін ЕАЭС перавозіць грузы з перачэпкай да канца года
Беларускія бізнэсмены спешна прадаюць долі ў сваіх польскіх транспартных кампаніях. Што адбываецца?