Беларускі хлеб збіраюцца захоўваць па паўгода
Беларускія хлебапёкі разам з навукоўцамі распрацоўваюць тэхналогіі, якія дазволяць павялічыць тэрмін захоўвання хлеба і хлебабулачных вырабаў да трох-шасці месяцаў. Пра новыя распрацоўкі паведаміла намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Мінсельгасхарча Ірына Баранцэвіч.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Сярод тэхналогій, над якімі працуюць спецыялісты, — замарожванне хлебабулачных вырабаў, аднаступенная і двухступенная цеплавая стэрылізацыя, стэрылізацыя спіртам, а таксама выкарыстанне мадыфікаванага газавага асяроддзя.
Паводле Ірыны Баранцэвіч, гэтыя метады дазваляюць павялічыць тэрмін прыдатнасці прадукцыі да трох-шасці месяцаў. Гэта можа быць асабліва цікава для экспарту на замежныя рынкі.
Пры гэтым унутраны рынак Беларусі цалкам забяспечаны хлебам і хлебабулачнымі вырабамі ў шырокім асартыменце. Іх выпускаюць прадпрыемствы сістэмы Мінсельгасхарча, пякарні і заводы Белкаапсаюза ў раённых цэнтрах, а таксама шэсць вытворчых пляцовак «Мінскхлебпрама».
Уласную вытворчасць хлебабулачнай прадукцыі актыўна развіваюць і гандлёвыя сеткі.
Нягледзячы на ўкараненне новых тэхналогій, беларускія вытворцы імкнуцца захоўваць традыцыйныя спосабы выпякання. Паводле слоў прадстаўніцы Мінсельгасхарча, у 99% выпадкаў удалося захаваць натуральныя працэсы закісання і выкарыстанне закваскі.
Ірына Баранцэвіч падкрэсліла, што беларускі хлеб застаецца адным з пазнавальных нацыянальных прадуктаў. Многія людзі, з'язджаючы з Беларусі, бяруць з сабой у якасці сувеніра менавіта беларускі заварны хлеб.
Чытайце таксама:
Лукашэнка патрабуе адкрываць у сельскай мясцовасці міні-пякарні са свежым хлебам
Для каравай-фэсту ў Свіслачы спяклі каравай вагой 150 кілаграмаў ФОТАФАКТ
«Можна набыць і ананасы, і бутэлечку IPA». Беларусы ў захапленні ад асартыменту аўталаўкі
«Водар» і «Смачны»: на ўпакоўках пішуць, што на заквасцы, а яны на дражджах