БЕЛ Ł РУС

У дзень візіту Пуціна Кітай увёў абмежаванні на пастаўкі ў Расію кампанентаў для «Шахедаў»

19.11.2026 / 20:23

Nashaniva.com

Кітай увёў абмежаванні на экспарт у Расію кампанентаў для беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці і кіраванні дронамі тыпу «Шахед». Адпаведнае рашэнне Міністэрства гандлю КНР №49 набыло моц 18 лістапада — у дзень прыезду Уладзіміра Пуціна ў Шэньджэнь для сустрэчы з кіраўніком Кітая Сі Дзіньпінам і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, піша The Moscow Times.

Уладзімір Пуцін і Сі Дзіньпін. Фота: Sergei Bobylev / Kremlin Pool Photo via AP

Пад экспартны кантроль цяпер трапілі рэактыўныя рухавікі з цягай большай за 400 ньютанаў, іншыя рухавікі для беспілотнікаў магутнасцю звыш 16 кілават, а таксама радыёмодулі магутнасцю ад 30 dBm, якія дазваляюць кіраваць больш чым дзесяццю дронамі. Абмежаванні закранаюць таксама рэгулятары хуткасці і бескалектарныя электрарухавікі. Іх экспарт цяпер патрабуе дазволу Міністэрства гандлю Кітая.

Гэтыя кампаненты выкарыстоўваюцца, у прыватнасці, у «Шахедах», вытворчасць якіх Расія наладзіла на заводзе ў Алабузе ў Татарстане.

Упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк падзякаваў Кітаю за новыя меры экспартнага кантролю. Паводле яго слоў, украінскія ўлады перадалі кітайскаму боку інфармацыю пра кампаненты кітайскай вытворчасці, якія выкарыстоўваюцца ў расійскім узбраенні, і прадпрыемствы, што іх выпускаюць. Кіеў разлічвае на строгае выкананне новых абмежаванняў.

Паводле ранейшых звестак крыніц Bloomberg, амаль 90% крытычна важных кампанентаў і тэхналогій, пастаўкі якіх былі абмежаваныя заходнімі санкцыямі, Расія цяпер атрымлівае з Кітая. Годам раней залежнасць ад Пекіна ацэньвалася ў 80%, нягледзячы на расійскія праграмы імпартазамяшчэння.

У Еўрасаюзе ведаюць пра ролю Кітая ў забеспячэнні Расіі тэхналогіямі падвойнага прызначэння і нават спадарожнікавай разведвальнай інфармацыяй для вядзення вайны. Аднак еўрапейскія краіны асцерагаюцца ўводзіць санкцыі супраць Пекіна праз магчымыя меры ў адказ.

Пры гэтым, па словах Уладзіслава Уласюка, некаторыя важныя кампаненты не трапілі пад кітайскі экспартны кантроль. Сярод іх — антэны CRPA, якія абараняюць беспілотнікі ад радыёперашкод, навігацыйныя модулі, антэны HARXON, камеры на падвесах і сервапрывады.

Чытайце таксама:

Пуцін, Трамп і Сі прынялі «дэкларацыю аб міры», раскрытыкавалі ў ёй Гаагскі трыбунал

Перамовы Трампа, Пуціна і Сі працягваліся паўтары гадзіны

Сі Дзіньпін заклікаў цалкам забараніць і знішчыць ядзерную зброю

Сі заклікаў Кітай, Расію і ЗША падаць прыклад астатняму свету, супрацоўнічаючы ў вырашэнні глабальных праблем

Каментары да артыкула