БЕЛ Ł РУС

Зяць Трампа паведаміў, што Пуцін згодны на гарантыі Украіне паводле прынцыпу пятага артыкула НАТА

19.11.2026 / 22:37

Nashaniva.com

Пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і ягоны зяць Джарэд Кушнер на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы «кааліцыі ахвотных» у Берліне заявіў, што Вашынгтону ўдалося пераканаць Крэмль прыняць саму канцэпцыю гарантый бяспекі для Украіны, заснаваных на прынцыпе пятага артыкула Паўночнаатлантычнага дагавора аб калектыўнай абароне.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Фота: Vyacheslav Prokofyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Паводле слоў Кушнера, расійскі бок цяпер гатовы спакойна разглядаць такую мадэль гарантый. Амерыканскі прадстаўнік звязаў гэта з заявамі Масквы пра тое, што пасля заканчэння цяперашняй вайны не павінна пачацца новая.

Разам з тым Кушнер прызнаў, што ў Расіі захоўваюцца скептыцызм і недавер да гэтай ідэі. Таму, на яго думку, неабходна аднавіць дыялог паміж Еўропай і Расіяй, каб бакі маглі абмеркаваць умовы будучых гарантый бяспекі.

Пяты артыкул Паўночнаатлантычнай дамовы прадугледжвае, што напад на аднаго з членаў НАТА разглядаецца як напад на ўвесь Альянс, а іншыя краіны-ўдзельніцы абавязваюцца аказаць яму дапамогу. Па словах Кушнера, Дональд Трамп не выключае надання Украіне гарантый на такім прынцыпе, аднак яны павінны адпавядаць інтарэсам ЗША і стаць часткай больш шырокай дамоўленасці ў сферы бяспекі.

Амерыканскі пасланнік таксама падкрэсліў, што будучыя пагадненні павінны ўтрымліваць механізм кантролю за выкананнем абавязацельстваў і дакладна вызначаць меры рэагавання ў выпадку іх парушэння.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля берлінскай сустрэчы назваў членства краіны ў НАТА найлепшай гарантыяй бяспекі як для самой Украіны, так і для ўсёй Еўропы. Ён таксама заклікаў паскорыць уступленне краіны ў Еўрасаюз.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прапанаваў вярнуцца да абмеркавання ўступлення Украіны ў Паўночнаатлантычны альянс з улікам максімалісцкіх патрабаванняў Крамля. Паводле яго слоў, спачатку Украіна павінна атрымаць гарантыі бяспекі, пасля гэтага можна абмяркоўваць тэрытарыяльныя пытанні і толькі затым — заключэнне мірнага пагаднення.

Чакаецца, што наступны раўнд перамоў аб завяршэнні вайны пройдзе з удзелам Украіны, Расіі, ЗША і еўрапейскіх краін. Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц назваў магчымым месцам сустрэчы Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, але канчатковае рашэнне пакуль не прынятае.

Чытайце таксама:

Кушнер і Уіткаф кіруюцца ў Берлін на перамовы з Зяленскім і еўрапейскімі лідарамі

У Расіі заявілі, што ўдзел Еўропы ў перамовах па Украіне з імі не ўзгадняўся. Хоць Уіткаф і Кушнер сцвярджалі адваротнае

У дзень візіту Пуціна Кітай увёў абмежаванні на пастаўкі ў Расію кампанентаў для «Шахедаў»

Пуцін назваў умову ўдзелу еўрапейцаў у перамовах па Украіне

«А што дрэннага было ў Ялце?» Пуціна спыталі пра «новую Ялту»

Каментары да артыкула