«Святлана не прыйшла на стрым, сапсаваўшы мне дзень нараджэння і настрой і не падарыўшы ніякага падарунка»
«Калі б ты думала пра свайго мужа, напэўна, ты б хоць які-небудзь сувенірчык яму падарыла», — наракае Сяргей Ціханоўскі.
У новым стрыме на канале «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі расказаў пра яшчэ адну крыўду на Святлану Ціханоўскую і яе каманду. Па словах блогера, Святлана не прыйшла на ягоны стрым у дзень нараджэння і не зрабіла яму падарунак.
«Яны ўжо, дарэчы, мяне адзін раз ашуквалі. На мой дзень нараджэння, 18 жніўня, Святлана мне паабяцала, што таксама прыйдзе на стрым, а потым адмовілася і проста не прыйшла, сапсаваўшы мне такім чынам і дзень нараджэння, і настрой, і не падарыўшы мне нават ніякага падарунка», — кажа ён.
Далей ён звяртаецца да Святланы: «Калі б ты думала пра свайго мужа, ну, напэўна, ты б хоць які-небудзь сувенірчык яму падарыла. Калі ў цябе няма часу — што заўгодна. Ні-чо-га».
Выснову Ціханоўскі робіць такую: «Сябры, гэта сведчыць пра тое, што яна ніколі пра мяне не думала».