БЕЛ Ł РУС

«Шмат плацяжоў было ў Польшчы». Беларусы масава скардзяцца на блакаванне банкаўскіх картак

20.11.2026 / 10:09

Nashaniva.com

Беларусы скардзяцца на масавае блакаванне банкаўскіх картак Visa і Mastercard — за апошнія два дні некаторыя пазбавіліся адразу некалькіх картак розных банкаў. Многія заўважылі, што раней аплачвалі імі паслугі польскага мабільнага аператара Orange. У Польшчы тым часам пацвердзілі кібератаку на плацёжны сэрвіс Autopay, праз які ў тым ліку можна папаўняць рахункі мабільных тэлефонаў, піша «Люстэрка».

Фота: Lookby.Media

Адна з карыстальніц Threads распавяла, што за вечар у яе заблакавалі адразу дзве карткі — Visa Прыёрбанка і Mastercard БСБ Банка.

«У мяне за вечар мінус карткі Прыёра Visa і БСБ Mastercard. Імгненныя блакіроўкі без якога-небудзь папярэджання! У абодвух выпадках банкі спасылаюцца на паведамленне аб «кампраметацыі карткі» ад плацежных сістэм. Што наогул адбываецца?» — напісала яна.

У каментарах пачалі з'яўляцца дзясяткі падобных гісторый — карыстальнікі паведамляюць пра блакіроўкі картак БСБ Банка, Прыёрбанка, МТБанка, Альфа Банка, Тэхнабанка, Беларусбанка і іншых айчынных банкаў.

Шмат хто заўважыў агульную дэталь — яны аплачвалі беларускімі карткамі паслугі польскага мабільнага аператара Orange:

Пры гэтым не ўсе, хто сутыкнуўся з блакіроўкамі, карысталіся польскім аператарам — некаторыя згадвалі іншыя замежныя плацяжы, інтэрнэт-крамы і падпіскі:

У іншай галінцы Threads беларуска пацікавілася, ці сутыкаюцца іншыя трымальнікі Visa і Mastercard з падобнымі блакіроўкамі. Там таксама з'явіліся дзясяткі паведамленняў пра праблемы з карткамі розных банкаў.

На пытанне адказаў і афіцыйны акаўнт Тэхнабанка: «На жаль, так, цяпер склалася такая сітуацыя».

Што магло стаць прычынай блакіровак

11 лістапада ў Польшчы выявілі кібератаку на плацежны сэрвіс Autopay, зарэгістраваны ў Сопаце. Кампанія пацвердзіла, што зламыснікі атрымалі несанкцыянаваны доступ да часткі яе інфраструктуры і звестак аб праведзеных плацяжах.

У выніку пад пагрозай маглі апынуцца звесткі банкаўскіх картак і іншая інфармацыя кліентаў. Пры гэтым у Autopay падкрэслілі, што пакуль не выявілі пацверджанняў капіявання або выкарыстання гэтых звестак зламыснікамі, хоць цалкам выключыць такую магчымасць не могуць.

Кампанія паведаміла пра здарэнне польскаму рэгулятару па абароне персанальных звестак, паліцыі і падраздзяленню па рэагаванні на кіберінцыдэнты ў фінансавым сектары.

Autopay абслугоўвае розныя анлайн-плацяжы, у тым ліку папаўненне рахункаў польскіх мабільных аператараў. Інфармацыя пра інцыдэнт з'явілася і на афіцыйным форуме Orange.

Пасля кібератакі некаторыя польскія банкі пачалі прэвентыўна блакаваць карткі кліентаў, якія маглі апынуцца пад пагрозай.

Напрыклад, Bank Spółdzielczy w Legionowie паведаміў, што заблакаваў частку картак Visa і Mastercard, якія выкарыстоўваліся для плацяжоў праз Autopay. Кліентам прапанавалі аформіць новыя.

Autopay рэкамендуе кліентам правяраць гісторыю аперацый па картках, неадкладна паведамляць банкам пра падазроныя спісанні і асцерагацца махляроў, якія могуць скарыстацца навінамі пра кібератаку для падману.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула