БЕЛ Ł РУС

Філасофскія гурткі, «вышэйшыя сілы», платныя курсы, пашпарт грамадзяніна Метагалактыкі — раскрыта дзейнасць секты

20.11.2026 / 11:33

Nashaniva.com

У Беларусі завяршылі расследаванне справы секты «Івдзіва», якая пад выглядам філасофскіх гурткоў праводзіла рэлігійныя абрады, прыцягвала новых удзельнікаў і прадавала платныя курсы. Арганізацыя дзейнічала з 2010 года.

Акрамя Мінска, падраздзяленні секты працавалі ў Віцебску, Жлобіне, Барысаве і Смалявіцкім раёне. На сустрэчы прыходзілі не толькі беларусы, але і замежнікі, якія спецыяльна прыязджалі з іншых краін.

Як высветліла следства, у аснове вучэння ляжалі акультныя ўяўленні пра «вышэйшыя сілы» і пераход чалавецтва з пятай расы ў шостую. Ідэйным натхняльнікам арганізацыі быў грамадзянін Расіі Віталій Сярдзюк, які распаўсюджваў свае погляды ў інтэрнэце.

Часцей за ўсё ў супольнасць траплялі людзі, якія перажылі цяжкія падзеі: уласную хваробу або хваробу блізкіх, смерць сваякоў, страту працы. Новых удзельнікаў далучалі да арганізацыі, праводзілі для іх абрады «хрышчэння», «набажэнствы» і рэлігійныя заняткі. У гэтыя практыкі ўцягвалі і дзяцей.

У арганізацыі была свая іерархія. Сярод пасад — «уладыка», «аватар сінтэзу», «кіраўнік інстытута» і «пасвячоны».

Асобна следства высветліла, што секта зарабляла на так званым «энергаабмене». Удзельнікам прапаноўвалі перадаваць грошы і іншыя каштоўнасці, называючы іх «бруднай» і «застойнай» энергіяй. Узамен абяцалі «ачышчэнне» і павелічэнне энергетычнага патэнцыялу. Таксама паслядоўнікам прадавалі курсы, якія нібыта дапамагалі ўсталёўваць містычныя кантакты з «вышэйшымі сіламі».

Агульны даход арганізацыі, устаноўлены следствам, перавысіў 220 тысяч рублёў.

Доўгі час дзейнасць секты прыкрывалі грамадскія аб’яднанні і філасофскія клубы, створаныя яе паслядоўнікамі. Пры гэтым, паводле звестак праваахоўнікаў, абвінавачаныя ведалі, што для рэлігійнай дзейнасці неабходная дзяржаўная рэгістрацыя, але працягвалі працаваць без яе.

Падчас расследавання некаторыя фігуранты заяўлялі, што кантактуюць з прадстаўніком «вышэйшых сіл», які нібыта падказвае ім, як адказваць на пытанні следчых. Усіх абвінавачаных праверылі на наяўнасць псіхічных расстройстваў. Экспертызы паказалі, што яны могуць несці адказнасць за свае дзеянні.

Абвінавачанні паводле артыкула 193¹ КК Беларусі (незаконная арганізацыя дзейнасці рэлігійнай арганізацыі і ўдзел у ёй) прад’явілі 16 асобам. Крымінальную справу перадалі пракурору для накіравання ў суд.

Расследаванне ў дачыненні да іншых магчымых удзельнікаў арганізацыі працягваецца, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з замежнымі калегамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула