БЕЛ Ł РУС

19‑гадовы берасцеец Андрэй ліквідаваны пад Курдзюмаўкай

20.11.2026 / 14:04

Nashaniva.com

Сын электрыка і бібліятэкаркі — чарговая ахвяра атрутнай прапаганды. Хлопец скончыў школу ў 2023 годзе, але замест студэнцкага жыцця абраў шлях аднаразовага штурмавіка.

«Нашай Ніве» стала вядома імя чарговага беларуса, які загінуў на вайне супраць Украіны. Гэта зусім юны Андрэй Шматкоў з Брэста, сын мясцовай бібліятэкаркі і іпэшніка-электрыка.

Андрэй нарадзіўся ў снежні 2005 года. Калі пачалася поўнамаштабная вайна, Шматкоў яшчэ вучыўся ў старэйшай школе. Цікавіўся звычайнымі для падлетка рэчамі: рэпам і тэхнікай.

Са школы Андрэй выпусціўся толькі восенню 2023-га. 

Што далей адбывалася ў яго жыцці, невядома, але ў снежні 2024-га, адсвяткаваўшы свае 19 гадоў, Шматкоў паехаў ваяваць за Пуціна.

І пражыў, як і ўсе такія штурмавікі, якіх праз кароткі тэрмін жыцця на фронце цяпер называюць «аднаразкамі», зусім нядоўга. 

Ужо ў студзені 2025 года беларус загінуў пад знакамітай Курдзюмаўкай на Данеччыне. 

Знакамітай Курдзюмаўка стала праз сваё адметнае, троху нязграбнае для славянскага вуха гучанне: пакуль Пуцін марыць пра Кіеў, Дняпро і Адэсу, у рэальнасці дзясяткі тысяч расіян гіне пад Курдзюмаўкай.

Выглядае, што і для беларусаў Курдзюмаўка таксама ўжо стала брацкай магілай. Ва ўзламаных базах Расстата ўтрымліваецца інфармацыя пра дзясяткі беларусаў, якія загінулі пры спробе захапіць пасёлак. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула